Украінцам цяжка, але яны выбіраюць незалежнасць



У простых людзей ва Украіне, як і ў прэзідэнта Пятра Парашэнкі, няма ніякіх ілюзій адносна іх праціўніка. Шмат хто з іх не давярае абяцанням расейскіх уладаў адносна мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Але спадзяецца на разумны падыход свайго кіраўніцтва да вырашэння праблемы. “Мы будзем лепш галоднымі і цярпець розныя выпрабаванні, чым нявольнымі”, – кажуць людзі.

– Калі Пуцін думае, што ён сюды прыйдзе і нечаго даб’ецца – не, не даб’ецца. Нашыя жанчыны, калі нават і знішчуць нас, мужчын, будуць выносіць ім хлеб з цыяністым каліем. Проста шкада людзей, я іду і плачу.

– Украіна добразычлівая дзяржава. Украінскі народ любіць усе народы. Нам сёння цяжка, гінуць маладыя людзі. Мы молімся і просім Бога, каб Украіна выйшла з гэтага, каб Пуцін урэшце-рэшт прыпыніў агрэсію.

– Пуцін можа і абдурыць Украіну. Украіна пойдзе на саступкі, а ён абдурыць і захопіць усход і поўдзень Украіны і можа далей пайсці на Кіеў. Але ж я думаю, што ён не пойдзе на Кіеў, яму патрэбны ўсход Украіны, каб мець доступ да Крыму.

– Пуціна ўжо праклялі. Столькі ўжо матак плача ад гэтага ўсяго. Як ён будзе жыць далей, я не ведаю. Мы хацелі б толькі міру.

– Толькі свабодны чалавек можа быць шчаслівы. Як сказаў Тарас Шаўчэнка, у сваёй хаце, свая праўда, сіла і воля.

Паводле рэспандэнтаў, яны гатовыя падтрымліваць сваё войска, хто чым можа. Некаторыя бізнесоўцы ўжо зараз аддаюць вялікую частку ад свайго прыбытку на змаганне. Грошы збіраюцца ў розных грамадскіх месцах, нават у цэрквах. Паўсюль ва Украіне людзі моляцца за мір у сваёй краіне ды яе незалежнасць.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.

 

[manual_related_posts]