Улады Беластока звярнуліся да прэм’ера Польшчы наконт урокаў беларускай мовы



Улады Беластока звярнуліся з лістом да прэм’ера Польшчы Матэвуша Маравецкага наконт урокаў беларускай мовы для дзяцей грамадзян Беларусі, якія пасля падзей 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Аб гэтым пішуць Gazeta Wyborcza і іншыя выданні. Сюжэт аб гэтым таксама паказалі ў эфіры тэлеканала TVN24, паведамляе reform.by.

Мэрыя просіць кіраўніка ўрада дапамагчы вырашыць прававы казус. Згодна з польскім заканадаўствам, у краіне дазволена выкладанне моў нацыянальных меншасцей. Заняткі для этнічных беларусаў як грамадзян Польшчы, так і Беларусі праводзіліся летась на базе беластоцкай пачатковай школы №4. Аднак па выніках праверкі ўладам горада загадалі вярнуць каля 140 тыс. злотых субвенцый, бо фармальна права вывучаць беларускую мову з дзяржфінансаваннем маюць грамадзяне Польшчы, але не прадстаўнікі дыяспары.

Пытанне аб сумесным навучанні беларусаў Падляшша і тых, хто прыехаў з Беларусі, узнялі прадстаўнікі беларускай меншасці на сустрэчы з гарадскімі ўладамі.

У лісце прэм’еру віцэ-мэр горада Рафал Рудніцкі просіць вырашыць дадзены казус і ўказаць рашэнне, якім магла б скарыстацца мэрыя, бо бягучыя нормы не ўлічваюць існуючыя абставіны, а таксама выдзеліць гораду сродкі на навучанне беларускіх дзяцей, каб словы «Польшча — гэта адкрыты дом для ўсіх беларусаў, хто мае патрэбу ў дапамозе» сталі яшчэ больш рэальнымі.

[manual_related_posts]