Улады Беластоку паслабляюць некаторыя каранцінныя захады



Улады Беластоку паслабляюць некаторыя каранцінныя захады. У той жа час горад пастанавіў дапамагаць пенсіянерам ды эканоміць грошы на начным асвятленні.

Падрабязней – Яна Запольская:

– Пачынаючы з 21 красавіка аднавіў сваю працу Кавалерыйскі рынак у Беластоку. Пры гэтым і прадаўцы, і пакупнікі, абавязаныя прытрымлівацца вызначаных санітарных правілаў: мець на твары маскі, на руках – пальчаткі, захоўваюць вызначаную дыстанцыю ў два метры паміж людзьмі, акрамя таго, у адным гандлёвым аб’екце не павінна знаходзіцца больш за чатыры кліенты. Прынамсі раз у гадзіну павінна ажыццяўляцца абавязковая дэзінфекцыя месцаў, дзе адбываецца абслугоўванне кліентаў і стаіць касавы апарат.

У той жа час улады горада прапануюць асобам, старэйшым за 65 гадоў, атрымаць бясплатныя шматразовыя ахоўныя маскі. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі. Пачынаючы з 22 красавіка будуць прымацца заяўкі па тэлефонах Гарадской управы ў Беластоку. Маскі будуць развозіць супрацоўнікі  Straży Miejskiej.

Таксама стала вядома, што дзеля эканоміі сродкаў ва ўмовах пандэміі Беласток абмяжоўвае начное асвятленне будынкаў. Некаторыя з іх увогуле не будуць асвятляцца, гэта будынкі на вуліцы Кіліньскага, а да прыкладу сакральныя аб’екты будуць асвятляцца толькі да 23-х гадзін, цяпер яны ў большасці асвятляліся на працягу ўсёй ночы.

З Беластоку, Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.