Упершыню ў Лодзі арганізаваны Дзень Беларускай Культуры



18 снежня ў Лодзі адбудзецца Дзень Беларускай Культуры. Праграма фестывалю надзвычай разнастайная.

Наведнікаў чакаюць: выстава пра Беларусь на беларускай лацінцы, паказ відэа пра беларускую мову, кірмаш і выстава «Лісты палітвязням», сустрэча з аўтарам кнігі на палескай гаворцы «Оньдэ» Аляксеем Дзікавіцкім, прэм’ера фільма пра беларусаў Лодзі «Праз рэйкі».

Таксама ў межах фестывалю адбудзецца сеанс кінатэрапіі. Гэта паказ беларускіх кароткаметражных фільмаў з наступнай дыскусіяй з удзелам арганізатараў, аўтараў і тэрапеўткі. Паказ будзе карысны ўсім, каму баліць і каму цікава, як можна пераадолець праз прагляд фільмаў перажытыя падзеі, звязаныя з пратэстамі.

Падчас фестывалю будзе працаваць кірмаш беларускіх рамеснікаў.

Музычную частку праграмы забяспечаць Вольны аркестр разам з Лявонам Вольскім, а таксама польскі гурт «KONKUBENT».

«Гэтую падзею нельга прапусціць. Ці будзе гэты дзень традыцыйным штогадовым святочным фестывалем, залежыць толькі ад нас.

Таму бярэм з сабой добры настрой, сяброў і родных і гоу́ на фестываль. Будзе вельмі шмат цікавых мерапрыемстваў, кожны зможа знайсці штосці роднае і мілае сэрцу,» — запрашаюць арганізатары фэсту.

Пачатак аб 11.00 гадзіне. Уваход вольны!