Урад Польшчы працуе над новымі правіламі працаўладкавання іншаземцаў



Урад Польшчы працуе над новымі правіламі працаўладкавання іншаземцаў, піша эканамічны партал money.pl. Гэта павінен быць новы акт, які спросціць працэдуру выдачы дазволу на часовае пражыванне ў Польшчы. Усё гэта для таго, каб работнікі з Усходу хутчэй пачалі легальную працу.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі працуе над заканадаўчымі зменамі. Мяркуецца, што яны набудуць моц у пачатку 2022 года.

Адным з ключавых пунктаў павінна быць адмова ад патрабавання мець надзейнае месца жыхарства і крыніцу стабільнага і рэгулярнага даходу для атрымання дазволу на часовае пражыванне і працу. Замест гэтага будзе праверана толькі тое, ці мае чалавек, які прыязджае ў Польшчу, гарантаваную працу з заробкам не ніжэйшым за мінімальны.

Прадпрымальнікі здаўна скардзяцца на працяглы час чакання дазволаў на працу замежных работнікаў. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі плануе пазначыць у праекце закона 60-дзённы тэрмін для вырашэння пытання аб выдачы дазволу на часовае пражыванне.

Паводле дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення, якія цытуе партал Demagog.org.pl, у 2019 годзе самай шматлікай групай замежнікаў, якія атрымалі дазвол, былі грамадзяне Украіны (74,3%). Прыкметны працэнт дазволаў таксама атрымалі грамадзяне Беларусі (6,1%), Непала (2,1%), Малдовы (1,9%) і Індыі (1,8%). Усяго дазволы былі выдадзены грамадзянам 131 краіны.

polskieradio.pl

Фота: expatpoland.pl