Урад Украіны тэрмінова выдзеліў грошы на ўзмацненне ўкраінскай мяжы з Беларуссю
Кабінет міністраў Украіны выдзеліў з рэзервовага фонду 214 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на ўзмацненне аховы дзяржаўнай мяжы з Беларуссю і павелічэнне абароназдольнасці краіны.

«Разумеючы няпростую сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, працягваем узмацняць бяспеку краіны. Нельга выключаць, што міграцыйны дэстабілізацыйны праект можа быць распаўсюджаны і на ўкраінска-беларускую мяжу. Таму маем падрыхтавацца да любага сцэнару», — заявіў прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль на пасяджэнні ўраду.
