Ва Украіне забаранілі рэтрансляцыю тэлеканала „Беларусь 24”



Нацыянальная рада Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання 10 чэрвеня выключыла беларускі дзяржаўны тэлеканал „Беларусь 24” з пераліку замежных праграм, дазволеных да распаўсюджвання на тэрыторыі краіны, паведамляецца на сайце рэгулятара.

Падставай для гэтага рашэння стала распаўсюджванне „аўдыявізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Украіны, і фільмаў з удзелам акцёраў, унесеных Міністэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі ў пералік асоб, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы” дзяржавы.

Сябра тэлерадыёвяшчальнага рэгулятара Максім Анапрыенка заявіў, што рада „даўно і старанна адсочвае дзейнасць гэтага інфармацыйнага рэсурсу”. „Нейкі час эфірнае напаўненне гэтага канала прыкметна адрознівалася ад тыповых праўладных беларускіх [тэлеканалаў], паколькі гэта міжнародная версія, відавочна, яны на гэта звярталі ўвагу. Але нядаўна ў выніку нашага маніторынгу былі зафіксаваныя парушэнні”, — сказаў ён.

У прыватнасці, у эфіры тэлеканала „Беларусь 24” 19—22 траўня былі паказаныя перадачы з удзелам расейскіх спевакоў Алега Газманава, Вольгі Кармухінай, а таксама акцёра Барыса Шчарбакова. Украінскі рэгулятар лічыць, што папулярызацыя беларускім вяшчальнікам персон, унесеных у пералік асоб, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы Украіны, супярэчыць патрабаванням закона „Аб тэлебачанні і радыёвяшчанні”.

Прэтэнзіі ва ўкраінскага рэгулятара таксама ўзніклі да выпуску праграмы „Панарама” ад 21 траўня, дзе ў сюжэце „Украінскі след у спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі” гучалі „грэблівыя выказванні ў адрас батальёна „Данбас”, які ў складзе нацыянальнай гвардыі абараняе тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы ад расейскай вайсковай агрэсіі”. Ваеннае фарміраванне „было названае „карным батальёнам”.

„У іншым сюжэце за 22 траўня пад назвай „Зяленскі адмовіў рускім у праве лічыцца карэнным народам” распаўсюджвалася недакладная інфармацыя, якая дэзынфармуе аўдыторыю, — адзначылі ў нацрадзе па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання. — У гэтым паведамленні гучалі абвінавачанні наконт адмовы абараняць ва Украіне на заканадаўчым узроўні правы нацыянальных меншасцяў з-за беспадстаўнага атаясамлення катэгорый „нацыянальная меншасць” і „карэнны народ”. Такі кантэнт утрымлівае элементы распальвання нацыянальнай варожасці і відавочна мае прыкметы парушэння <…> закона Украіны „Аб тэлебачанні і радыёвяшчанні”.

Украінскі рэгулятар падкрэсліў: паколькі Беларусь па стане на 6 чэрвеня не з’яўлялася падпісантам Еўрапейскай канвенцыі аб трансгранічным вяшчанні і рэтрансляцыя тэлеканала „Беларусь 24” з тэрыторыі Беларусі вялася ў адпаведнасці з рашэннем нацрады, то „ў выпадку ігнаравання патрабаванняў канвенцыі і ўкраінскага заканадаўства нацыянальная рада мае права прыняць меры па прадухіленні або спыненні такіх парушэнняў”.

belapan.by