Вa ўсіх гмінах Падляшскага ваяводства аб’яўлена засуха
Больш за 13,5 з 80 тыс фермераў падалі ваяводзе заявы з просьбай пра аказанне дапамогі.
Цяпер адмысловыя камісіі правяраюць каму патрэбная дапамога. Ужо вядома, што якасць і колькасць сельскай прадукцыі будзе намнога ніжэйшай у параўнанні з мінулымі гадамі.
Таксама вельмі складаная сітуацыя з вадой у рэчках ды вадасховішчах. Хаця ўзровень вады пакуль не крытычны, але адмыслоўцы заўважаюць, што становіцца ўсё больш засушліва.
Кажа дырэктар ваяводскай управы меліярацыі ды вадзяных прыладаў Збігнеў Залескі:
– Найбольшае вадасховішча, якое маем – гэта Семяноўскае вадасховішча, якое сёння падтрымлівае Нараў. Палова вады з Семяноўскага вадасховішча была выпушчана таму, што значна больш выпускаем вады ў Нарву, чым атрымліваем з Беларусі. Каб запоўніць Семяноўскае вадасховішча да сярэдняга ўзроўню трэба тры месяцы дажджу дзень у дзень, або два нармальныя гады. Калі сітуацыя не выправіцца, то каб утрымаць вадасховішча, то трэба будзе яшчэ абмежаваць сыход гэтай вады.
З увагі на засуху фермеры атрымаюць дапамогу ў выглядзе адмысловых пазык, зніжак у падатках, а таксама ў аплатах, якія ўносяцца на рахунак Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі ды Агенцтва сельскагаспадарчых уладанняў.
Беларускае Радыё Рацыя