Варшаўскі Цэнтр мастацтва зладзіў акцыю ў падтрымку палітзняволенага беларускага мастака
Варшаўскі Цэнтр сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» зладзіў акцыю ў падтрымку палітзняволенага беларускага мастака Алеся Пушкіна. У будынку Лабараторыі прайшоў канцэрт салідарнасці з удзелам N.R.M, Андрэя Мельнікава, Алега Хаменкі, гурта RECHA і Аляксандра Памідорава, які зладзіла Беларуская рада культуры. Канцэрт салідарнасці можна таксама было паглядзець анлайн на youtube-канале Беларускай рады культуры, набыць квіток на канцэрт (кошт — 10 злотых) і такім чынам выказаць салідарнасць з мастаком можна было анлайн.
Усе грошы, атрыманыя ад продажу квіткоў, будуць скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных творцаў. Нядаўна Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Алеся Пушкіна — яго вінавацяць у рэабілітацыі нацызму і здзеку з дзяржаўных сімвалаў. Мастаку пагражае да 12 гадоў турмы.
