Варшава пераняла эстафету фестываля «Прадмова» (абноўлена)



На гэтых выходных эстафету фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» пераймае Варшава.

Сёлета ўпершыню гэты вядомы літаратурны фест адбываецца па-за межамі Беларусі – у Грузіі, Польшчы і Літве. Апошнія падзеі ў роднай краіне і ў свеце адбіліся на танальнасці яго мерапрыемстваў. Асноўная тэма сёлетняй «Прадмовы» – гэта разуменне паняцця «дом». Кажа каардынатарка «Прадмовы», старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

– Ну а тэма дому, гэта, канешне, і Скарына, і быкаўская «доўгая дарога дадому», і іншыя розныя метафары, звязаныя з домам. Які мы адчуваем, у які мы хочам вярнуцца. І гэтую сувязь з домам хацелі пранесці праз увесь гэты фестываль. Канешне, вайна дадала новых фарбаў у нашу сітуацыю. З пачатку вайны мы зразумелі, што антываеннае вымярэнне гэтага фестывалю таксама вельмі важнае.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў, сярод іншых станоўчых якасцяў такіх падзеяў, называе раскошу чалавечых стасункаў.

– Ніхто ніколі не заменіць апроч літаратурных дыскусіяў, выступаў і чытанняў, ніхто ніколі не заменіць раскошы простых чалавечых стасункаў. Тым больш, калі людзі вельмі доўга не бачыліся. Я думаю, што ёсць магчымасць пачуць тыя ўзнёслыя пачуцці.

Фестывальныя мерапрыемствы ў Варшаве будуць доўжыцца два дні – 18 і 19 чэрвеня. Яны будуць адбывацца адразу на некалькіх пляцоўках. Сярод іншых выданняў тут будзе прэзентавана кніга ўспамінаў паэта, перакладчыка, грамадcкага дзеяча і стваральніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана «Блуканец». А таксама кніга палітвязня, філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Отвечая за себя. Записки философа с вредным характером». Увогуле на фестывале запланавана больш 30 мерапрыемстваў. Завершыцца фестываль у Варшаве ўвечары ў нядзелю вялікім канцэрта з удзелам вядомых беларускіх рок гуртоў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]