Васіль Сегень: Толькі разам мы захаваем беларускую традыцыю на Падляшшы
У Беларускім грамадска-культурным таварыстве ў Беластоку распачаліся 27-ыя Прэзентацыі абрадавых калектываў „Беларускі абрад на сцэне”. Пра праблему пераемнасці традыцыі разважае салістка калектыву аўтэнтычнага фальклору “Малінкі” з вёскі Маліннікі Валянціна Кроц:
„Мы беларусы, бо нас ад 2 клясы вучылі беларускую мову ў школе. Беларускія песні спяваем, там нас пару чалавек, не дужа, але ўжо 22 гады. Дзеці не вельмі, а ўнукі цікавяцца – дачка жыве ў Варшаве, як прыязджаю, унучка адразу да мяне: бабцю, я хачу па-беларуску гаварыці!”
Як выйсце, гатоўнасць да культурніцкай супрацы, у тым ліку з беларусамі, якія працягваюць прыбываць у Беласток, пацвердзіў намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень:
„Няма ніякіх абмежаванняў. Мне асабіста здаецца, што ёсць такая патрэба: прыезджыя беларусы, якіх зараз у Польшчы і ў Беластоку дастаткова многа, інтэграваліся з беларускасцю, якая ў нас бытуе спрадвеку, якую мы захоўваем і развіваем. Мне гэта ідэя вельмі падабаецца. Час канкрэтных дзеянняў з боку беларускай дыяспары”.
27-ыя «Беларускія абрады на сцэне» таксама плануецца паказаць у Бельску Падляшскім, Дубічах Царкоўных, і ізноў у Беластоку. Завяршальны выступ адбудзецца ў Гайнаўцы, 21-га лістапада.
Фота аўтара:
Беларускае Радыё Рацыя
