Велікодны кірмаш у цэнтры Беластока



У цэнтры Беластока разгарнуўся Велікодны кірмаш. На пляцы Касцюшкі свае вырабы прадстаўляюць майстры не толькі з усяго Падляшша, але таксама з Літвы і Беларусі.

Сам кірмаш мае багатыя гістарычныя карані – кажа прадстаўніца арганізатара мерапрыемства, Падляшскага музея ў Беластоку, Барбара Мушынская:

– Мы ўваходзім у гарадскую традыцыю кірмашоў, вядомую яшчэ з часоў Браніцкага, які даў прывілею на правядзенне кірмашоў у горадзе. Кірмашы былі такой шматгадовай традыцыяй.

Вера Пярмінава, майстар па бісерапляценні:

– У мяне і сучасныя вырабы, і вырабы на аснове традыцыйных беларускіх упрыгажэнняў. Вось, напрыклад, шыйныя плеценыя ўпрыгажэнні, як насілі нашыя бабулі.

Кірмаш у Беластоку працуе да 15-ай гадзіны па мясцовым часе. Але гэта толькі пачатак сезону ў сталіцы Падляшша. Бліжэйшы кірмаш пачнецца 23 сакавіка і працягнецца цэлы тыдзень.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара