Веснавыя абрады на Беласточчыне (абноўлена)



Пачаліся ХІV Падляшска-Палескія сустрэчы ў традыцыі «Там по маёвуй росі».

Сямятыччына напоўнена беларускімі народнымі традыцыямі. У Мядзвежыках, што ў Мілейчыцкай гміне, у рамках ХІV Падляшска-Палескіх сустрэч «Там по маёвуй росі» прайшоў валачобны карагод з рагулькай. Можна было пачуць спевы  гурту «Калыханка» і «Жэмэрвы».

«Абрадам, на які сёлета звяртаем асаблівую ўвагу, з’яўляецца традыцыйнае беларускае вяселле», – кажа Анна Фіёнік з калектыва «Жэмэрва»:

– У гэтым годзе, як і ў папярэднія гады, пачынаем майскія сустрэчы. Але пачынаем іх не ў маі, а крыху раней. Настрой ужо вельмі святочны. Аднак абралі абрад не валачобнікаў, а абрад вяселля. Даўно не рабілі вяселля. Вось і падумалі, што было б добра вярнуцца да гэтай тэмы, бо ў традыцыйнай культуры яна займае значнае месца і ахоплівае вялікую частку песень.

Валачобныя карагоды разам з вяселлем і танцамі пройдуць таксама ў суседніх вёсках:  Левашах і Рагачах. Галоўным арганізатарам Падляшска-Палескіх сустрэч «Там по маёвуй росі» выступае Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.

* * * 

У рамках мерапрыемства ў Студзіводах праходзяць майстар-класы па спяванні агуляк і традыцыйных танцах, а таксама прэзентацыі традыцыйнага палескага вяселля. Гэтыя формы прэзентуюць студзіводскі калектыў “Жэмэрва” і “Калыханка” з Міхановічаў (Міншчына).

«Прэзентуем тут культуру, абрады, якія па-ранейшаму жывыя на Беласточчыне», – кажуць сябры калектыва «Калыханка» Міхаіл Зімарын і Кацярына Лінько:

– На Беласточчыне людзі яшчэ стараюцца захаваць гэтыя традыцыі. Прыемна, што жывуць яны ў Польшчы, а захоўваюць нашы беларускія традыцыі.

– Гісторыя нас падзяліла тэрытарыяльна, але не падзяліла нашы агульныя карані, нашы традыцыі. І мы нясем вось гэтую культуру.

 

На нядзелю, 23 красавіка, у Рагачах запланаваны паказ валачобнага карагоду з рагулькай, інсцэнізацыя традыцыйнага вяселля, а таксама песні і танцы каля мясцовай леснічоўкі. Пачатак мерапрыемства ў 14:00.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара