VII Белавежскія сустрэчы з арыяй
Канцэрт сімфанічнага аркестра і салістаў з Магілёва ды Масквы – Фонд царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы запрашае на VII „Сустрэчы з арыяй” у Белавежу.
Як адзначае дырэктар фонда Мікалай Бушко, белавежскія сустрэчы – гэта не толькі магчымасць сустрэцца з высокай культурай, але і працяг традыцыі:
– Традыцыйна гэта апошняя нядзеля чэрвеня. Канцэрт адбудзецца пад адкрытым небам, на ім выступяць салісты з Магілёва і Масквы. Спадзяемся, што будзе добрае надвор’е. Хачу сказаць, што ў нас былі такія канцэрты, калі было не зусім добрае надвор’е, але прыходзіла каля 700 чалавек. Дай Бог такую публіку ўсім, нават дзяржаўным філармоніям.
Таксама чакаюцца суправаджальныя канцэрты кінамузыкі ў выкананні сімфанічнага аркестра ў Бельску Падляшскім і Нараўцы:
– Запрашаем у суботу на два канцэрты кінамузыкі – гэта музыка са славутых фільмаў. Мне невядома, каб у час маёй працы ў культуры нейкі маленькі сімфанічны аркестр паехаў у глыбінку і выканаў канцэрт кінамузыкі. Так будзе ў суботу ў Бельскім доме культуры а 17-й гадзіне. А 20-й гадзіне такі канцэрт адбудзецца ў Нараўцы ў гасцявым доме „Dwór Bartnika”.
Белавежскія сустрэчы з арыяй адбудуцца 24-га чэрвеня а 17-й гадзіне на пляцоўцы Ляснога музея ў Белавежы. Канцэрты кінамузыкі ў Бельскім доме культуры адбудуцца 23-га чэрвеня а 17-й гадзіне, у Нараўцы а 20-й гадзіне. Уваход на ўсе канцэрты дармовы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
