Віктар Швед узнагароджаны за шматгадовую творчасць



Віктар Швед узнагароджаны за шматгадовую творчасць. У Беластоку прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагароды маршалка Падляшскага ваяводства ў галіне мастацкай творчасці, папулярызацыі і аховы культуры. Сёлета журы вылучыла 7 чалавек.

Сярод іх прэмію атрымаў выдатны беларускі пісьменнік Віктар Швед:

– Я ж паэт. Пішу ўсё дарослае жыццё. Нават і цяпер пішу, у сталых маіх гадах. Хачу сказаць, што асабліва цешыць мяне тое, што мяне людзі цэняць.

Старшыня камісіі Славамір Згжыва:

– Яго дасягненні, ягоны след на гэтай зямлі вельмі важны не толькі для культуры беларускай супольнасці на Беласточчыне. Ён значны для ўсёй польскай культуры. Думаю, толькі так мы маглі яго падзякаваць за ўсе  гады выдатнай працы і творчасці.

Галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўген Вапа:

– Літаратура, як культурнае слова, з’яўляецца неад’емнай часткай “Нівы”. З першых нумароў наша беларуская літаратура ў Польшчы развівалася на яе старонках. Не можа быць мовы, развіцця без захавання і развіцця літаратуры.

Менавіта галоўны рэдактар „Тыднёвіка беларусаў у Польшчы „Ніва” Яўген Вапа падаў заяўку Віктара Шведа на прэмію.

Сярод сёлетніх лаўрэатаў таксама Аляксандр Васілюк – аніматар культуры, узнагароджаны за прамоцыю падзеі „Колеры праваслаўя. Польшча”.

У мінулых гадах прэмію атрымалі падляшскія беларусы – паэтэса Надзея Артымовіч, мастак Лявон Тарасэвіч ды этнограф Дарафей Фёнік.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: Уля Шубзда, Міра Лукша