Віталь Алейнік: У Вільні вялікі попыт на беларускамоўнае навучанне
Зараз у сталіцы Літвы дзве школы маюць права выкладаць па-беларуску – гэта Віленская гімназія імя Францішка Скарыны й Віленская школа Vilnia.
Іншыя агульнаадукацыйныя школы таксама могуць прымаць беларускіх дзяцей. Гаворыць прадстаўнік беларускай дыяспары Віталь Алейнік:
– Вельмі мала месцаў менавіта у беларускамоўных установах, бо вельмі вялікі попыт, нават у Вільні ў муніцыпалітэце сказалі, што не чакалі, што зможам запоўніць беларускамоўныя ўстановы. Таму што ніколі не было такога попыту. А зараз шмат людзей, хто прыехаў, яны імкнуцца, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску.
Гарадскія ўлады Вільні вельмі дапамагаюць беларускім мігрантам у пошуку вольных месцаў у школах, улічваюць, каб школы знаходзіліся непадалёк ад жытла, – кажа Віталь Алейнік.
Літва выдала грамадзянам Беларусі апошнім часам больш за 20 000 гуманітарных візаў. Але колькасць беларусаў, якія перабраліся ў суседнюю краіну цягам году, большая, бо віза – толькі адзін са спосабаў легальнага знаходжання, гаворыць Віталь Алейнік:
– Гуртуецца ўсё зараз вакол Беларускага дома культуры. З аднаго боку – гэта культурная ўстанова. З іншага – гэта месца кансалідацыі беларсаў у Вільні, куды людзі могуць прыходзіць са сваімі ініцыятывамі, дзе ладзіцца шмат мерапрыемстваў і проста дыскусіі, праводзіцца збор подпісаў. Таму там вельмі радыя будуць пачуць і вашыя прапановы, і дапамагчы рэалізаваць тыя ідэі, якія ў вас будуць.
Да прыкладу, у Доме беларускай супольнасці і культуры ў Вільні распачала працу нядзельная школа для беларускіх дзяцей. Заняткі адбываюцца раз на тыдзень па суботах. Запрашаюцца дзеці беларусаў ад 3 да 11 гадоў. Ад сёння там жа пачынаецца новы курс для дзяцей па асновах мультыплікацыі. Адрас: Vilniaus gatvė 20.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: rh.by
