Візіт Прэзідэнта Польшчы ва Украіну (абнаўляецца)



Прэзідэнт Польшчы ініцыюе супрацоўніцтва з Украінай на саміце „Ініцыятывы трох мораў” 19-20 кастрычніка ў Эстоніі. Пра гэта Анджэй Дуда заявіў падчас украінска-польскага эканамічнага форуму ў Адэсе.

– Польшча ёсць і застанецца адвакатам спраў у гэтай частцы Еўропы. Найлепшым прыкладам ёсць рэалізаваная праз нас і развіваемая намі „Ініцыятыва трох мораў”. У далейшай перспектыве таксама і Украіна будзе скарыстоўваць карысць, якая вынікае  з імпульсу развіцця, які ва ўсходняй частцы ЕЗ надае „Ініцыятыва трох мораў”. Прыкладам такога праекту з’яляецца будаўніцтва транспартнага шляху Via Carpatia.

Распачатая ў 2015 годзе  „Ініцыятыва трох мораў”- стварэнне партнёрскага блока ад Балтыйскага да Чорнага і Адрыятычнага мораў – накіравана на паглыбленне інтэграцыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праект аб’ядноўвае 12 краін.  Асноўная ўвага накіравана на развіццё інфраструктурных праектаў.

* * * 

Без добра арганізаванай інфраструктуры немагчыма пабудаваць эфектыўнае і ўзаемавыгаднае гандлёвае супрацоўніцтва, заявіў прэзідэнт Анджэй Дуда.  

Ён разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім удзельнічае ў адкрыцці польска-ўкраінскага бізнес-форуму ў Адэсе.

Фота і відэа: prezydent.pl

* * * 

Украіна і Польшча абмяркуюць 13 кастрычніка эканамічныя стасункі на бізнес-форуме ў Адэсе. Ён стане цэнтральнай падзеяй заключнага дня афіцыйнага візіту прэзідэнта Польшчы ва Украіну. Анджэй Дуда нагадаў: летась тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў 7,5 мільярдаў еўра. Сёлета дынаміка зменшылася з-за каронавірусу. 

 – Гэта было звязана з закрыццём нашых гаспадарак у сувязі з пандэміяй каронавірусу. Я перакананы, што за бліжэйшы час, як у найлепшы спосаб, вытворцы, як па польскім баку, так і па ўкраінскім, па заканчэнні пандэміі, змогуць далей наладжваць супрацу і будаўніцтва ўзаемных польска-украінскіх адносін у эканамічных дачыненнях.  

Размова  на эканамічным форуме пойдзе пра сумеснае развіццё марской інфраструктуры, у прыватнасці пра супрацоўніцтва портаў Адэсы і Гданьска

***

Прэзідэнты Украіны і Польшчы прымуць удзел 13 кастрычніка ў эканамічным формуе ў Адэсе. Размова пойдзе пра сумеснае развіццё марской інфраструктуры, у прыватнасці пра супрацоўніцтва портаў Адэсы і Гданьска. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі спадзяецца, што гэтая бізнес-сустрэча прынясе канкрэтныя і рэальныя практычныя дасягненні. Па яго словах, нягледзячы на ​​запаволенне двухбаковага гандлю з-за пандэміі ў першай палове года, Украіна і Польшча могуць аднавіць станоўчую дынаміку і рост папярэдніх гадоў.

– Такі аптымізм даюць польскія інвестыцыі ў эканоміку Украіны. Актыўная супраца паміж нашымі рэгіёнамі дае магчымасць стварэнне супольных праектаў. Мы з панам прэзідэнтам будзем у Адэсе на ўкраінска-польскім эканамічным форуме. Чыноўнікі, прадстаўнікі бізнесу і рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў абмяркуюць супрацу ў галіне транспарту, энергетыкі і інфраструктур. Мы мяркуем, што гэты форум прынясе канкрэтныя, рэальныя, практычныя здабыткі.

Падчас афіцыйнага візіту Анджэя Дуды ва Украіну бакі падпісалі шэраг дакументаў, якія вызначаюць перспектывы павелічэння інвестыцый ва ўкраінскую эканоміку і аб’яднання транспартнага і транзітнага патэнцыялу.

***

Санкцыі супраць Расеі, уведзеныя за агрэсію супраць Украіны, павінны працягвацца да таго часу, пакуль не будзе адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Украіны. Гэта падкрэсліў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Па словах Анджэя Дуды, праблема Крыма вельмі важная і Польшча на міжнароднай арэне заўсёды падкрэслівае: паўвостраў быў акупаваны Расеяй.

– Мы падкрэсліваем, што Рэспубліка Польшча і Украіна паважаюць міжнароднае права і асноўныя прынцыпы міжнародных адносін, адначасова заклікаючы спыніць незаконную акупацыю Аўтаномнай Рэспублікі Крым і агрэсію на Данбасе.

Анджэй Дуда пацвердзіў зацікаўленасць Польшчы ва ўдзеле ў міжнароднай платформе дэакупацыі Крыма.

Адпаведную  ініцыятыву Уладзімір Зяленскі агучыў у канцы верасня падчас выступлення на пленарным пасяджэнні 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН

* * * 

Прэзідэнт Украіны прыняў рашэнне адкрыць новае Генеральнае консульства  ў польскім Уроцлаве. Пра гэта Уладзімір Зяленскі заявіў па выніках сённяшніх перамоў з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Калі канкрэтна запрацуе дыплатаматычная ўстанова, пакуль невядома: арыенцір наступны год.

– Украіна прагне забяспечыць сваім грамадзянам неабходную консульскую абарону. Таму я ўхваліў рашэнне пра адкрыццё новага Генеральнага консульства ва Уроцлаве. І разлічваю, што яно запрацуе ўжо ў наступных годзе.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда наведвае з афіцыйным візітам  Украіну 11-13 кастрычніка. Заўтра кіраўнікі дзвюх краін зноў сустрэнуцца падчас эканамічнага форуму ў Адэсе. 

Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота: prezydent.pl

* * * 

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшанаваў памяць ахвяраў Галадамору ва Украіне 1932-1933 гадоў, паставіўшы да мемарыяла сімвалічны кошык з каласамі.

Таксама Анджэй Дуда запаліў свечку перад Крыжам Герояў Нябеснай Сотні.

Як паведамлялася раней, у панядзелак, 12 кастрычніка, адбудзецца палітычная частка візіту Дуды ва Украіну. У прыватнасці, ён сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, старшынём Вярхоўнай Рады Дзмітрыем Разумковым і прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалём.

Фота: скрыншот з відэа Канцылярыя Прэзідэнта Рэспублікі Польшча

* * *

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыбыў ва Украіну і ўшанаваў памяць забітых палякаў у Быкоўні Кіеўскай вобласці.

„Праўда і памяць павінны працягвацца. Сёння на польскіх вайсковых могілках у Быкоўні я ўшаноўваю памяць 3435 польскіх зняволеных з украінскага спісу Катыні, якія былі забітыя 80 гадоў таму савецкім НКВД і якія загінулі за свабодную і суверэнную Польшчу», – напісаў Дуда ў Twitter. Цягам 1937-1941 гадоў целы расстраляных у турмах НКВД у Кіеве былі дастаўлены ў Быкаўнянскі лес Кіеўскай вобласці для сакрэтнага пахавання ў лесе. Паводле розных ацэнак, тут пахаваны ад 20 000 да больш за 100 000 чалавек, якія падвяргаліся катаванням падчас допытаў альбо былі расстраляны пазасудова савецкай уладай.

Udział Prezydenta RP z Małżonką w obchodach 80. rocznicy zbrodni katyńskiej

🎥 #NaŻywo | Udział Prezydenta RP z Małżonką w obchodach 80. rocznicy zbrodni katyńskiej

Opublikowany przez Kancelaria Prezydenta RP Niedziela, 11 października 2020

11 кастрычніка прэзідэнцкая пара на польскіх вайсковых могілках у кіеўскім раёне Быкоўні брала ўдзел ва ўшаноўванні 80-й гадавіны з часу Катыньскай трагедыі. Па словах кіраўніка кабінета прэзідэнта Польшчы Кшыштафа Шчэрскага, афіцыйны візіт павінен быў адбыцца ў красавіку, але з-за эпідэміі візіт быў перанесены.

У Нацыянальным гісторыка-мемарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы» прайшла  цырымонія ўскладання вянкоў да Міжнароднага мемарыяла ахвярам таталітарызму 1937-41 гадоў. Прэзідэнт Польшчы аддаў пашану польскім ахвярам злачынстваў НКВД, якія пахаваны ў агульнай магіле на польскіх вайсковых могілках.

Другі дзень візіту будзе прысвечаны афіцыйным перамовам на самым высокім роўні. Запланавана сустрэчы Анджэя Дуды з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, а таксама са старшынём Вярхоўнай Рады Дзмітрыем Разумковым.

Візіт прэзідэнцкай пары Польшчы ва Украіну завершыцца ў аўторак. У Адэсе запланавана падпісанне польска-ўкраінскіх эканамічных дамоваў.

Фота і відэа: prezydent.pl

***

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і першая лэдзі Агата Корнхаўзер-Дуда наведваюць Украіну ў нядзелю з афіцыйным візітам. Прэзідэнт Польшчы павінен сустрэцца з вышэйшым кіраўніцтвам украінскай дзяржавы – прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, старшынём Вярхоўнай Рады.

Візіт Дуды пачнецца з наведвання мемарыяла ў Быкоўні, недалёка ад Кіева, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій, у тым ліку палякі. Палітычная частка візіту запланавана на панядзелак, 12 кастрычніка. Анджэй Дуда сустрэнецца з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем і спікерам Вярхоўнай Рады Украіны Дзмітрыем Разумковым.

Палітычныя перамовы будуць прысвечаны двухбаковай супрацы, еўраатлантычным памкненням Украіны і рэгіянальным пытанням, у тым ліку сітуацыі ў Беларусі. Таксама вядома, што падчас візіту ў Кіеў прэзідэнт Польшчы адкрые помнік сузаснавальніцы польскага прафсаюзнага руху „Салідарнасць”, народжанай ва Украіне Анне Валентыновіч перад пасольствам Польшчы ў Кіеве. Яна нарадзілася ў 1929 годзе ў Роўне і загінула 10 красавіка 2010 года ў Смаленскай авіякатастрофе.

Візіт прэзідэнта Польшчы ва Украіну завершыцца апоўдні ў аўторак, 13 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя