Пятро Парашэнка ў Любліне



Сёння адбыўся візіт прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў Люблін. Прэзідэнт наведаў украінска-польска-літоўскую ваенную частку і спаткаўся з Люблінскім ваеводам. Адносіны жыхароў Любліна да гэтага візіту вельмі неадназначныя. Некаторыя выступаюць за падтрымку сувязей Польшчы і Украіны і за больш цесную супрацу. Яны лічаць, што Україна гэта паўнавартасны партнёр і саюзнік Польшчы.

Аднак у Любліне дастаткова моцныя і антыўкраінскія настроі. Частка жыхароў Любліна лічыць, што студэнты з Украіны займаюць месцы палякаў у польскіх ВНУ, а таксама працоўныя месцы. Польскія нацыяналісты лічаць, што ўкраінская ўлада мусіць папрасіць прабачэння ў Польшчы за „валынскую разню”. Так, сёння падчас візіту Парашэнкі ў Люблін адбыліся дзве акцыі пратэсту. Адна каля ўкраінскага кансуляту, другая каля Палацу культуры, дзе Парашэнка сустракаўся са студэнтамі з Украіны.

Дэманстранты выступалі пад лозунгамі “Забойцам ганьба, а не слава”, “Гэта быў генацыд” і “УПА – гэта СС. Праслаўленне банд УПА забаронена ў ЕЗ”.

Таксама каля месца спаткання з Парашэнкам была заўважана група расейскамоўных людзей з сімволікай “Белай Русі” і георгіеўскімі стужкамі. Даваць каментары прэсе яны адмовіліся.

* * *

У Любліне адбылася сустрэча ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі з украінскімі студэнтамі і прадстаўнікамі ўкраінскіх арганізацый у Польшчы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што 80 адсоткаў украінцаў выбрала еўрапейскі шлях развіцця. Україна, па словах Парашэнкі, – гэта еўрапейская краіна.

Прэзідэнт паведаміў, што супраца Украіны з Польшчай знаходзіцца зараз на вельмі высокім узроўні.

Парашэнка распавёў пра поспехі ўкраінска-польскай супрацы. Так, у сферы бяспекі была створаная ўкраінска-польска-літоўская брыгада ў Любліне. Яна пачне працаваць у першай дэкадзе 2015 года. У сферы эканомікі прэзідэнт падкрэсліў поспех падпісання і ўступленне 1 лістапада ўмовы аб зоне вольнага гандлю Украіны і Еўрапейскага звязу. У сферы вышэйшай адукацыі есць план стварэння ўкраінска-польскага ўніверсітэта ў Львове ці Луцку. Таксама есць намер стварыць канстытуцыйную камісію ва Украіне, якая будзе займацца дэцэнтралізацыяй Украіны на прыкладзе Польшчы.

Поспехам супрацы Украіны і Люблінскага ваеводства з’яўляецца праект па пошуку магілы першага ўкраінскага караля Данілы Галіцкага. Ужо знайдзена царква ў Хэльме, дзе па легендзе знаходзіцца яго магіла.

Па словах Парашэнкі, супраца Польшчы і Украіны з’яўляецца вельмі важнай для развіцця абодвух краін.

Таксама ў Любліне адбыліся дэманстрацыі польскіх ультраправых арганізацый супраць візіту Парашэнкі. Яны выступалі пад лозунгамі “УПА – гэта СС” і “Забойцам ганьба, а не слава”.

Марыя Лойка, Люблін, Беларускае Радые Рацыя