Вучні беластоцкай „чацвёркі” рыхтуюцца да выступу ў тэатры
1 чэрвеня амаль ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень дзяцей. Свята наймалодшых было заснавана ў 1954 годзе Генеральнай асамблеяй ААН для распаўсюджвання ідэалаў і мэтаў, звязаных з абаронай правоў дзяцей. Вучні пачатковай школы № 4 у Беластоку, якія вывучаюць беларускую мову, святкаваць заканчэнне навучальнага году будуць у наступны панядзелак. Маладыя беларусы гэтымі днямі маюць рэпетыцыі перад традыцыйным штогадовым выступам у Драматычным тэатры.
Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы: Ідуць апошнія рэпетыцыі, таму дзеці не вельмі могуць яшчэ адпачыць. Тыя, што сёння ў школе, маюць яшчэ тэатральныя рэпетыцыі, чакаюць іх і музычныя заняткі. Цэлы тыдзень рыхтуемся… Шчыра кажучы, цэлы год рыхтаваліся.
Падвядзенне вынікаў артыстычнай працы дзяцей і моладзі ў навучальным годзе 2015-2016 адбудзецца ў панядзелак 6 чэрвеня. Урачыстасці пачнуцца ў нядзелю з малебна за дзяцей, моладзь, бацькоў і настаўнікаў. А 17-й гадзіне на сцэне Драматычнага тэатру можна будзе паглядзець спектаклі ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнага гуртка „Гульня ў тэатр”.
Уля Шубзда, беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі