Вучні з Падляшша сталі пераможцамі агульнапольскай Алімпіяды



Артур Малеж з ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя Беластока стаў пераможцам агульнапольскай Алімпіяды праваслаўных рэлігійных ведаў. У фінале конкурса на пытанні, звязаныя з тэалогіяй і гісторыяй хрысціянства, адказвалі 28 чалавек з Беластока, Бельска-Падляшскага, Гайнаўкі і Сямятыч, Варшавы і Кошаліна.

Сярод іх лаўрэатамі, якія набралі больш чым 70 адсоткаў, сталі 7 вучняў. Другое месца ў алімпіядзе заняла вучаніца Гайнаўскага ліцэя з беларускай мовай навучання Наталля Васько. Паводле яе слоў, канкурсанты муселі перадусім валодаць ведамі аб праваслаўнай іканаграфіі:

– Здаецца, што тэма лёгкая, бо кожны дзень праваслаўныя іконы з намі, але калі пачалі вучыць, то аказалася, што пытанні вельмі складаныя. Напэўна, найбольш складанай аказалася балканская іканаграфія, бо цяжка было знайсці пра яе інфармацыю.  

Дзякуючы перамозе ў алімпіядзе, лаўрэаты маюць адкрытыя дзверы на некатрыя факультэты польскіх ВНУ.

Без удзелу ў наборы яны могуць паступіць ва Універсітэт ў Беластоку, Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве ды Каталіцкі люблінскі ўніверсітэт.

 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара