Вуліца Лупашкі ў Беластоку застаецца



Вуліца Лупашкі ў Беластоку застаецца. Ужо другая спроба перайменавання закончылася правалам. Гарадская рада  Беластока прыслухалася да аргументаў кіраўніка падляшскіх структураў „Права і справядлівасці” міністра Дарыюша Пёнткоўскага, які, выступаючага на сесіі, даводзіў, што існаванне вуліцы Лупашкі ў Беластоку – гэта «дзяржаўны інтарэс Польшчы» (polska racja stanu).

«Кожная група, якая трымае ўладу, імкнецца называць вуліцы, плошчы ў горадзе імёнамі людзей, якіх  асабліва шануе», – сказаў прысутны на сесіі ў якасці эксперта прафесар гісторыі Яўген Мірановіч:

–  Быў час, калі галоўная вуліца ў Беластоку мела назву Гітлерштрасэ. Быў час, калі вуліцы Беластока называліся імёнамі крывавых бальшавікоў, Дзяржынскага. Цяпер прыйшоў час, калі яны павінны быць Лупашкі. Гэта ўсё магчымае. Гэтае галасаванне, якое прайшло, паказвае таксама, што і з грамадзянскай платформы пару чалавек выпала і прызнала такія аргументы, што адпавядае інтарэсам Польшчы.

Супраць перайменавання вуліцы Лупашкі на Падляшскую  разам з райцамі „Права і справядлівасці” галасаваў райца грамадзянскай платформы Марцін Москва. Чатыры іншыя райцы ад грамадзянскай платформы ўстрымаліся ад голасу. Толькі 11 райцаў у гарадской радзе Беластока выказаліся ў падтрымку Падляшскай.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя