Вялікі аркестр святочнай дапамогі зайграў у Бельску Падляшскім



У Бельску Падляшскім заіграў Вялікі аркестр святочнай дапамогі. У рамках агульнапольскай акцыі ў горадзе можна было ўбачыць валанцёраў з бляшанкамі, у якія збіралі яны грошы на дапамогу хворым дзеткам ды пажылым людзям. На сцэне ў цэнтры горада выступалі музычныя гурты, таксама былі падрыхтаваныя і іншыя атракцыёны.

«Ідэю зборкі грошай на неабходнае медыцынскае абсталяванне мы ўспрымаем станоўча», — кажуць бельшчане, якія ў гэты дзень таксама фінансава падтрымлівалі акцыю:

— Кожнаму з нас гэта павінна быць патрэбна і кожнаму з нас гэта спатрэбіцца, бо кожны чалавек будзе хварэць: ці маладым, ці стары. Таму мы інвестуем ва ўласнае здароўе.

— Гэта такая адна на год акцыя і я лічу, што вельмі добра дапамагаць іншым людзям, а тут якраз ёсць магчымасць дапамагчы.

— Мы маем магчымасць дапамагчы вельмі хворым людзям, дзецям, таму я хачу дапамагаць. Я штогод дапамагаю ў «аркестры».

Апрача зборкі грошай валанцёры, у перапынку паміж выступленнямі музычных гуртоў, праводзілі аўкцыёны, грошы з якіх таксама накіроўваюцца на дапамогу хворым людзям. Паводле частковых падлікаў, у Бельску Падляшскім сабралі 16738 злотых.

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падляшскі

Фота аўтара