Партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт працягваюць затрымліваць у Польшчы і Літве



Змаганне з падатковымі злачынствамі, ліквідацыя самагонных міні-заводаў, затрыманне падробленых тавараў і наркотыкаў. Падляшскія службы падвялі вынікі 2021 году і адзначылі, што маюць, чым пахваліцца. Але, безумоўна, адзін з галоўных радкоў займае змаганне з кантрабандай беларускіх цыгарэт.

Надалей сярод лідараў у спісе нелегальнай дзейнасці на Падляшшы значыцца кантрабанда цыгарэт. Ідзе пра цыгарэты, вырабленыя ў Беларусі. Самая вялікая іх партыя была затрыманая ў траўні мінулага года, калі ў трох кантэйнерах на тэрыторыі аднаго з тэрміналаў у гміне Цярэспаль супрацоўнікі падатковай адміністрацыі і памежнай аховы выявілі каля 2,5 мільёнаў пачак нелегальных цыгарэт. Іх кошт ацанілі ў 37 мільёнаў злотых. Калі б гэты нелегальны тавар трапіў у продаж, то польская казна згубіла б больш за 60 мільёнаў злотых. Цыгарэты трапілі ў Польшчу цягніком з Беларусі. Вялікія партыі цыгарэт выяўлялі таксама ў іншых рэгіёнах Падляшскага ваяводства. Альбо іншы прыклад. У лютым мінулага года ў пункце пропуску “Кузніца” выявілі 1 мільён 800 тысяч пачак цыгарэт на суму, якая перавышае 27 мільёнаў злотых, а ў сакавіку ў той жа Кузніцы грамадзянін Беларусі ў фуры спрабаваў правезці 650 тысяч пачак цыгарэт замест заяўленага грузу цвікоў на суму каля 9,5 мільёнаў злотых. І гэты спіс можна працягваць.

Паводле звестак літоўскай мытні, за 2021 год у цягніках канфіскавана столькі ж цыгарэт, колькі ў суме канфіскавалі за апошнія 7 гадоў. Найбольш часта памежнікі канфіскуюць цыгарэты “Фэст”, “НЗ” і “Мінск”, вырабленыя на Гарадзенскай тытунёвай фабрыцы “Нёман”. “Адным з фактараў, якія прывабліваюць беларускую кантрабанду цыгарэт, з’яўляецца тое, што рэжым краіны актыўна падтрымлівае гэтую ценявую дзейнасць”, — гаворыцца ў паведамленні Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Літоўскае ведамства таксама адзначае, што рост кантрабанды цыгарэт звязаны таксама з тым, што Гарадзенская тытунёвая фабрыка вырабляе ў некалькі разоў больш цыгарэт, чым неабходна для беларускага рынку, таму лішкі нелегальна вывозяцца на рынкі іншых краін, у тым ліку Літвы. Старшыня Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны ў Сейме Літвы Лаўрынас Кашчунас адзначыў агенцтву BNS наступнае: “Усе гэтыя нелегальныя цыгарэты вырабляліся кампаніямі, непасрэдна звязанымі з рэжымам Лукашэнкі, і відавочна, што гэта крыніца фінансавання рэжыму”. Паводле яго, вытворчая магутнасць тытунёвай фабрыкі “Нёман” у тры разы перавышае афіцыйны рынак цыгарэт у Беларусі.

Многія эксперты таксама выказваюць меркаванне, што гэты незаконны бізнес у Беларусі пастаўлены на дзяржаўны ўзровень. Бо як можна незаўважна з тэрыторыі той жа гарадзенскай “табачкі” вывозіць вялізныя партыі цыгарэт? Відавочна, толькі з афіцыйнага дазволу. І невядома насамрэч, колькі гэтай кантрабанды ў працэнтных суадносінах спыняюць, а колькі ўдаецца паспяхова правесці. І хоць дакладна невядома, хто найбольш на гэтым зарабляе, пэўныя высновы зрабіць можна.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: podlaskie.kas.gov.pl