Выйшаў новы даведнік па Беластоку. Што ў ім ёсць пра беларусаў?



Выйшаў новы афіцыйны турыстычны даведнік па Беластоку. Пашукаем у ім сляды беларусаў.

„Беласток. Турыстычны даведнік”

Уступ пачынаецца з легенды пра заснаванне Беластока вялікім князем Гедымінам. Падчас палявання вялікі князь літоўскі спыніўся на начлег, яго прывабіў краявід і Белая рака, з якой ён зачарпнуў вады. Неўзабаве на месцы, якое захапіла Гедыміна, заснавалі паселішча.

Згадваецца інкарпарацыя Падляшша ў Карону Польскую Жыгімонтам II. Праз мястэчка тады (па сённяшніх вуліцах Скарупскай і Далёкай) пачала праходзіць мяжа паміж Каронай Польскага Каралеўства і Вялікім Княствам Літоўскім. Гэта становішча захоўвалася да 1795 года.

Адзначаецца ўзрост насельніцтва, у тым ліку за кошт беларусаў, у часы Расейскай Імперыі.

Згадваюцца падзеі верасня 1939 года, калі Беласток стаў сталіцай Заходняй Беларусі. 

Напісана і пра разбурэнне саветамі ў 1940 годзе гарадской ратушы, на месцы якой планавалі ўсталяваць помнік у гонар вызвалення Заходняй Беларусі. Варта адзначыць, што доўгі час панавала памылковая версія пра тое, што на месцы ратушы хацелі ўсталяваць помнік Сталіну.

У 2017 годзе да культавага графіці з выявай дзяўчынкі з палівачкай далучыўся хлопец, які апрануты ў беларускі нацыянальны строй. Над яго галавой быў размешчаны падляшскі ўзор „Пячэнне хлеба”, аўтаркай якога з’яўляецца Люцына Кендзерска з Васількова. Графіці было выканана групай беларускіх мастакоў з групы TAKTAK у межах акцыі Folk on the Street ладжанай Ваяводскім асяродкам анімацыі культуры. Гіганцкая праца, якая аздабляе сцяну шматпавярховага дома, з’яўляецца найбольшым народным графіці ў Польшчы.

Унутранае аздабленне царквы Уваскрасення Хрыстовага было выканана беларускімі мастакамі Віктарам і Аляксеем Доўнарамі ды Андрэем Румо.

Згадваюцца беларусы і ў гастраноміі: „Беласток заўсёды быў месцам, дзе супольна існавалі польская, габрэйская, літоўская, беларуская, украінская, а нават нямецкая і расейская кухня”.

Даведнік задарма можна атрымаць у пункце інфармацыі ў браме Палаца Браніцкіх у Беластоку.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]