Выйшаў першы турыстычны значок па-беларуску



У Польшчы з’явіўся першы турыстычны значок на беларускай мове. Турыстычная адзнака для калекцыянераў з усяго свету выйшла намаганнямі Цэнтра прамоцыі беларускай культуры «Шчыты».

На драўляным кружку – выява будынку, у якім цяпер месціцца сядзіба Цэнтра ў Шчытах, а ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя была школа, – кажа Ганна Несцярук з Цэнтру «Шчыты», ініцыятарка выдання турыстычнага значка на беларускай мове:

– Турыстычны значок, які мае нумар 895 Шчыты – гэта драўляны кружок, дыяметрам 60 мм і таўшчынёй 8-10 мм мае металічнае вушка для падвешвання. На гэты раз мы вырашылі больш шырока папулярызаваць беларускі культурны цэнтр. Гэта першы турыстычны значок з беларускім друкам у свеце.

Ідэя турыстычнага значка ўзнікла ў Чэхіі. Яе мэта  – папулярызацыя цікавых турыстычных месцаў у свеце. Турысты, якія калекцыянуюць такія значкі, адведваюць месцы, у якіх можна набыць іх і пры нагодзе знаёмяцца з гісторыяй і культурай асобных мясцін. Турыстычны значок на сёння выдаюць амаль усе еўрапейскія краіны, Аўстралія і ЗША.

Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя