Выходзім кожныя выходныя, кажа беларуска, якая жыве ў Кёльне



Выходзім кожныя выходныя, кажа беларуска, якая жыве ў Кёльне. Мясцовыя беларусы там таксама праводзяць акцыі салідарнасці.

Падлічылі, пасля падзеяў выбараў 2020 года і той хвалі гвалту ў Беларусі – на акцыі салідарнасці што нядзелю яны выходзілі каля 40 разоў. Апошняя буйная акцыя прайшла ў Дзюсельдорфе. Супольна з праеўрапейскай грамадзянская ініцыятывай „Імпульс Еўропы” беларусы Германіі прыгадалі пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах. У кожнага свая матывацыя, каб выходзіць, кажа Аксана Ракуціна, якая жыве ў Кёльне. Актыўных у іх рэгіёне каля 150-200 чалавек.

– Ім баліць, яны хочуць праявіць сябе, не важна з якой нагоды. Бо кожны з нас мае ўсё-такі сваю падставу на тое, каб выйсці, або не выйсці. Мы вельмі шмат расказваем пра палітвязняў. Ёсць вялікая шпалера, некалькі актывістаў зрабілі яе з фотаздымкамі палітвязняў і караценькай інфармацыяй. На кожнай акцыі людзі праходзяць, глядзяць, чытаюць інфармацыю. Гэта выглядае досыць жудасна, таму што гэта вялікае шпалера, вельмі шмат фотаздымкаў.

Беларусы на тэрыторыі Заходняй Германіі аб’ядналіся ў суполку Libertas belarus. Яны таксама супрацоўнічаюць з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

Беларускае Радыё Рацыя