Выцінанка выбрана лепшым Велікодным упрыгажэннем Падляшша 2022 году



У Падляшскім музеі народнай культуры адбыўся фінал конкурсу «Традыцыйнае велікоднае афармленне Кола вясковых гаспадынь» на прызы Падляшскага ваяводства.

Першае месца заняла велікодная выцінанка з вёскі Пшыставаньцэ гміны Пуньск, якую прадставіла майстрыха Віда Марцінкевіч:

– „Кола вясковых гаспадынь” у Пшыставаньцах паўстала чатыры гады таму. Хоць нефармальна жанчыны збіраліся значна раней. І мы стараемся культываваць нашыя рэгіянальныя традыцыі, як кулінарныя, так і святочныя аздабленні. У гэтай святочнай працы бралі ўдзел шэсць асоб. І гэта традыцыйнае святочнае ўпрыгажэнне, яно было папулярнае ў ХІХ стагоддзі. І прывандаравала да нас з Усходу.

Важнасць конкурсу для шматкультурнага жыцця Падляшша падкрэсліў дырэктар Падляшскага музея народнай культуры Артур Гавэл:

-Падляшша – гэта памежны рэгіён. І са спрадвечных часоў культыры тут сустракаліся, змешваліся паміж сабой. Таксама і ў рэлігійным вымярэнні. Маем тут і каталіцкае, і праваслаўнае веравызнанне. І гэта мае істотны ўплыў, бо мы маем два тэрміны святаў. І такія падляшскія ўпрыгажэнні, як напрыклад, папяровыя фіранкі, сустроакаюцца як сярод палякаў, такі сярод беларусаў.

Усе працы сёлетняга конкурсу «Традыцыйнае велікоднае афармленне Кола вясковых гаспадынь» даступныя для наведвальнікаў Падляшскага музея народнай культуры да 28 красавіка ўключна.

Беларускае Радыё Рацыя