Вызначаны лаўрэаты 25-й Алімпіяды па беларускай мове



Чатыры вучні сталі лаўрэатамі 25-й Алімпіяды па беларускай мове, якую ладзіла кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Падрабязнасці ў нашай карэспандэнткі Валі Лаеўскай:

– Першае, другое і чацвёртае месцы занялі вучні 2-га Агульнаадукацыйнага ліцэю з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. Гэта вучні 2-га класа: Амбражэвіч Уршуля, Банькоўская Юлія і Зенкевіч Аляксандра. Трэцяе месца заняла прадстаўніца Гайнаўскага беларускага ліцэю, вучаніца 1-га класа Карчэўская Ізабэла. У 25-й Алімпіядзе прымалі ўдзел 20 вучняў, 15 з якіх сталі фіналістамі. Удзельнікі алімпіяды вызваленыя ад экзамену на атэстат сталасці па беларускай мове і атрымоўваюць дадатковыя балы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы. 25-я Алімпіяда па беларускай мове праходзіла 21-га сакавіка ў Бельску-Падляшскім. Веды вучняў правярала адмысловая камісія пад кіраўніцтвам прафесара Мікалая Хаўстовіча.

Беларускае Радыё Рацыя