“Я нарадзіўся тут”



У дзіцячым садку №1 у Гайнаўцы прайшлі супольныя беларускамоўныя заняткі мясцовых дашкольнікаў і беластоцкіх вучняў пачатковай школы №4 у Беластоку. У абедзвюх пляцоўках вядзецца навучанне беларускай мове.

Дзеткі і моладзь спявалі беларускія песні, чыталі ды размаўлялі па-беларуску. Сустрэча – гэта чарговы пункт нашага летніка “Я нарадзіўся тут”, паясняе настаўніца беларускай мовы з беластоцкай пачатковай школы №4 Аліна Ваўранюк:

Паколькі летнік адбываецца ў Гайнаўцы, мы вырашылі, што добра было б сустрэцца з вучнямі, якія таксама вывучаюць беларускую мову. Але цяпер канікулы, таму мы прыйшлі ў садок. Галоўная тэма ўсяго летніка – гэта кнігі. У гэтым годзе гадавіна надрукавання першай кнігі на беларускай мове.

Галоўнае месца падзей летніка Музей і асяродак беларускай культуры. Удзельнікі займаліся абрадавым ручніком. Шляхам сваіх літаратурных герояў правёў моладзь беларускі пісьменнік з Гайнаўкі Міхась Андрасюк. Летнікі ладзяцца з 2004 года беластоцкім Аб’яднаннем у карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, “АБ-БА”.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Фота аўтара