Як „Мясцовы час” на „Басовішча” ездзіў



Згадваем мінулыя „Басовішчы”. Полацкі рок-гурт „Мясцовы час” двойчы ўдзельнічаў у фестывалі „Басовішча” – другім і трэцім, адпаведна ў 1991 і 1992 гадах.

Менавіта „Басовішча” вывела полацкіх рокераў у лідары беларускай рок-сцэны. Бо на другім „Басовішчы” „Мясцовы час” стаў лаўрэатам фестывалю і атрымаў прыз „Лепшая група”.

Той памятны 1991 год згадвае экс-гітарыст „Мясцовага часу” Валер Драко:

– Першае, што запомнілася – гэта 1991 год, калі абрынулася наша саўдэпія, то мы ўжо як бы за мяжу паехалі – у Польшчу, у Беласток. Гэта было цікава.

Менавіта пасля першага ўдзелу ў „Басовішчы” музыкі гурта „Мясцовы час” пасябравалі з музыкамі гурта „Мроя”. Яны нават супольна выканалі на канцэрце адну песню – разам праспявалі Лявон Вольскі і Алесь Кузмін. Згадвае Валер Драко:

– Паразмаўлялі з беларускімі музыкамі, там быў гурт „Мроя”.

Затым „Мясцовы час” і „Мроя” неаднойчы выступалі разам, у тым ліку на славутым канцэрце ў Менску ў абарону незалежнасці.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя