Ян Мордань: Закон быў на маім баку



Кожны грамадзянін мае права весці відэа ці гукавы запіс паседжанняў органаў мясцовага кіравання. Так вырашыў суддзя акруговага суда ў Бельску Падляшскім. Жыхара Гацькоў Яна Морданя, што ў гміне Бельск Падляшскі, апраўдалі. Ён меў права запісваць мабільным тэлефонам паседжанне супольных камісіяў рады гміны ў Бельску Падляшскім.

Гаворыць Ян Мордань:

– Суд у Бельску Падляшскім апраўдаў мяне з такім аргументам, што ўсё было згодна з законам. І толькі паліцыянты невядома чаму скардзіліся. Таму што ўсе праўныя законы былі за мной, кожны грамадзянін можа прыйсці на паседжанне радных і рабіць відэа і гуказапіс. Так што невядома чаму мяне цягалі сюды.

Нагадаем, што ў першай інстанцыі Яна Морданя аштрафавалі за парушэнне парадку вядзення сесіі, парушэнне нібыта выявілася ў тым, што ён фіксаваў ход перамоваў на мабільны тэлефон. Яна Морданя ў судовым працэсе падтрымала грамадзянская сетка Watchdog Polska, якая даслала ў суд “меркаванне сябра суда”, у якім звяртала ўвагу на тое, што гмінная ўправа ў Бельску Падляшскім парушыла асноўныя грамадзянскія правы Яна Морданя, забараняючы запіс паседжання.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя