Янка Сычэўскі пераабраны старшынём БГКТ



Янка Сычэўскі стаў старшынёй Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы на чарговыя чатыры гады.

Янка Сычэўскі

Сычэўскі кіруе арганізацыяй з 1992 года. Чарговы тэрмін віцэ-старшынёй БГКТ будзе мовазнаўца доктар Васіль Сегень.

Беларускае грамадска-культурнае таварыства дзейнічае з 1956 года. Арганізацыя падтрымлівае і развівае культуру і нацыянальныя традыцыі беларусаў у Польшчы. Паводле Янкі Сычэўскага, дзейнасць арганізацыі ў бліжэйшыя чатыры гады залежаць ад фінансавання з боку Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

– Мы на столькі можам развіваць сваю дзейнасць, на колькі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі дазволіць, у сэнсе дафінансавання. Таму што зусім без дафінансавання мы не ў сілах арганізоўваць вялікія мерапрыемствы. Тым больш, што на тэрыторыі нашага ваяводства замнога багатых спонсараў няма.

БГКТ з’яўляецца найбольшай беларускай арганізацыяй у Польшчы.  Таварыства арганізуе між іншым: народныя фесты, агляды беларускай песні, калядныя сустрэчы ды навуковыя канферэнцыі.

Госцем выбарчага сходу была генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Польшчы Алла Фёдорава.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара