Яраслаў Бароўскі абраны бургамістрам Бельска-Падляшскага
Яраслаў Бароўскі будзе бургамістрам Бельска-Падляшскага цягам бліжэйшых пяці гадоў.
Ён перамог у другім туры выбараў, у яго падтрымку прагаласавалі звыш 60 адсоткаў выбаршчыкаў:
– Дзякую ўсім жыхарам Бельска-Падляшскага, якія пайшлі на выбары і аддалі свой голас за маю асобу! І дзякую тым, якія прыйшлі і прагаласавалі за майго канкурэнта. Гэта паказвае, што дзесяць тысяч дарослых людзей у Бельску хочуць мець свой рэальны ўплыў на тое, што ў нашым горадзе будзе. Гэта вялікая адказнасць. Думаю, што гэтую адказнасць змагу несці на сваіх плячах. І праз пяць гадоў жыхары будуць задаволены, што Яраслаў Бароўскі – бургамістр іхнага горада.
Яраслаў Бароўскі стартаваў ад камітэту „Бельская кааліцыя”. Цягам новага тэрміну ён абяцае рэалізацыю распачатых ужо праектаў, між іншым – пабудову новага дома культуры, мадэрнізацыю дарог і ацяпляльнай сеткі. Бароўскі не выключае таксама магчымасці пабудовы вадасховішча, прычым адзначае, што гэта вельмі каштоўная інвестыцыя і на гэта неабходна перш за ўсё здабыць сродкі і вызначыць адпаведнае месца.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя