Яраслаў Качыньскі прапанаваў ствараць змешаныя вайсковыя адзінкі



«Бяспека ўсходніх межаў павінна стаць прыярытэтам для НАТА. Калі ва Украіне, якая толькі намагаецца ўступіць у альянс, чырвонае святло ўжо гарыць, то ў Польшчы можа загарэцца ў перспектыве», – пра гэта заявіў кіраўнік партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі на міжнародным эканамічным форуме, які праходзіць у Крыніцы. Паводле яго, трэба нарошчваць вайсковы патэнцыял Польшчы ды ствараць вайсковыя блокі, каб супрацьстаяць агрэсіі з Усходу:

– Маецца на ўвазе рэальнае ўзмацненне. Найлепш змешаныя брыгады – польска-амерыканскія. Практыка стварэння такіх змешаных вайсковых адзінак ужо вядомая ў свеце, у тым ліку ў НАТА. Гэта створыць такую сітуацыю, калі напад на Польшчу будзе азначаць напад на Злучаныя Штаты.

«Расею можна спыніць. Яна гістарычна заўсёды атакавала больш слабага суперніка», – адзначыў Качыньскі. У такіх умовах, паводле старшыні партыі «Права і справядлівасць», выклікае непакой заява прэм’ер-міністра Дональда Туска пра немагчымасць павялічыць фінансаванне ўзброеных сілаў Польшчы нават на запланаваныя раней два працэнты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ideaby.org