Яўген Вапа: Найважнейшай ёсць трываласць гістарычнай памяці
Галоўны рэдактар „Нівы” Яўген Вапа падзяліўся ў штотыднёвіку сваім асэнсаваннем гісторыі і бачаннем выклікаў сучаснасці:
Тыдні і дні прыспешваюць у нейкім суцэльным зліцці. Пачуццё прамінання часу і патрачанага ўжо назаўсёды добра вядомага нам свету здаецца быць трывалым фактарам. Не вернеш і не вернуцца да мінулага. Вядома, застаюцца сентыменты да пражытага — да нашага дзяцінства, маладосці і значнай часткі даросласці. Але неяк трэба асвойваць цяперашнюю, нахабную штодзёншчыну і з усіх сваіх гісторый выбудоўваць тое пазітыўнае, што дае яшчэ нейкія імпульсы, якія даюць тую жыццёвую заядласць, каб працягваць надалей свае справы ці ідэі.
Адной з тых спраў, якая належыць да кожнага народа, з’яўляецца трываласць гістарычнай памяці. Калі яе не ўшаноўваем, то яна проста самазнішчаецца і найчасцей пазбаўляе такі народ усіх прыкметаў яго самавызначэння, у тым ліку вядзе да патраты незалежнай дзяржавы. Патраты незалежнасці ў гісторыі чалавецтва мелі найчасцей дзве прычыны — унутраны крызіс сярод элітаў краіны і палітычна-мілітарная актыўнасць вонкавых ворагаў. Калі толькі не будзеш пільным у вечнай варце сваіх дзяржаўных ці цывілізацыйных каштоўнасцей, то не толькі можна знікнуць з карт свету, але і гістарычнай памяці.
Нават цяжка нам уявіць, колькі за перыяд існавання чалавецтва ў вечную памяць выправілася народаў, культур, моў, рэлігійных сістэм. Затым мусім памятаць, што няма ў плане гістарычнага адмірання аніякага перамір’я ці адмысловага выключэння некаторым дзяржавам ці народам. Ёсць толькі пільная ўвага для забеспячэння сваіх інтарэсаў. На гэтае ўсё накладваецца яшчэ і ідэалагічна-рэлігійнае вымярэнне. Тут справа значна шырэйшая, але і адначасна больш небяспечная, бо маецца на ўвазе звышдзяржаўныя фармаванні і чалавечыя, асабістыя, таемныя духоўныя выбары. Ідэалагічныя, рэлігійныя войны і пераслед – гэта ж тое, што цягнецца тысячагоддзямі і не чужое ў гэтыя хвіліны і на нашых вачах ці панадворках.
Зараз пад прыцэлам старых і новых, ідэалагічных сістэм апынулася хрысціянства, якому нават двухтысячная гісторыя і сістэма каштоўнасцяў не дазваляе спакойна глядзець у будучыню. Наадварот, унутраны крызіс, спалучаны з атэізацыяй грамадстваў ужо не толькі ў заходняй Еўропе прыносіць абсалютна новыя маральныя і экзістэнтцыяльныя пытанні наконт дасюлешніх асноўных сямейных і міжчалавечых суадносін. Адным словам, маем бачную і нябачную ідэалагічную атаку на хрысціянскія каноны, на якіх выбудоўвалася і абапіралася дагэтуль еўрапейская цывілізацыя. Так склалася стагоддзямі, што праз беларускія землі ад самога пачатку ўзнікнення на іх першых палітычных самаўтварэнняў, маем тут фактычнае і безупыннае сутыкненне на розных цывілізацыйных узроўнях — рэлігійным, грамадскім, сістэмна-палітычным ці культурным. Вяліся войны з усходам і захадам, а таксама ўнутры краіны па ўсіх вышэйзгаданых прыкметах. І далей тут памятайма, што нічога не мяняецца ў рэальнасці і ў наш час. Некалькі стагоддзяў палітычнай прысутнасці, але без замацаванай ідэнтычнасці ў выглядзе назову дзяржава Беларусь, увяла ў нашае, сучаснае, геапалітычнае, разуменне незалежнасці шмат заблытанасці, скарыстанай палітычнай гісторыяй суседніх дзяржаў.
Без аніякіх сентыментаў ці салідарызмаў маем дачыненне з інкарпарацыяй і маніпуляцыяй лёсамі нашага народа і яго зямель. Таму, калі на нашых вачах адбываецца беларуская кансалідацыя нацыянальнай тоеснасці, то ў гэтыя лістападаўскія змрочныя дні мае думкі накіроўваюцца да дзвюх гістарычных падзеяй. Вось сто гадоў таму назад удзельнікі Слуцкага збройнага чыну пайшлі са зброяй біцца за Беларускую Народную Рэспубліку. Сярод іх былі і нашы суродзічы з Беласточчыны. Хаця пах прайгранай справы лунаў вакол, выйшлі яны ў бой як людзі ваярскага гонару. Таго гонару, пра які мы вучымся на старонках гісторыі, пачаўшы ад грэцкіх спартанцаў да сённяшніх змагароў. А другая дата мае ледзь толькі гадавую даўніну. Год таму назад у Вільні адбылося перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых студзеньскіх паўстанцаў. Той зарад духу свабоды і беларускай сілы, які мы тады атрымалі разам, напэўна і лунае над сённяшнімі беларускімі змагарамі за шчасце і волю сваёй дзяржавы.
