Яўген Вапа: У Варшаве я пазнаёміўся з беларусамі, якія, нягледзячы ні на што, верылі ў Беларусь



У Беларускім Доме ў Варшаве адбылася сустрэча са старшынёй Саюза беларусаў у Польшчы, рэдактарам штотыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», галоўным рэдактарам Беларускага Радыё Рацыя Яўгенам Вапам. Адданы беларускасці, госць падзяліўся з прысутнымі на сустрэчы сваім досведам па захаванні беларусаў як нацыі.

Яўген Вапа: Для мяне гэта, па-першае, вялікая адказнасць і выклік сустракацца з беларусамі, якія зараз з’явіліся ў Варшаве, у іншым выглядзе, не як класічная меншасць, як раней, у выглядзе беларускай дыяспары. Палітычныя падзеі, другая рэч, цікава адчуць настроі. Ну а трэцяе, гэта таксама сентыментальнае падарожжа, бо я ў Варшаве правёў 7 гадоў жыцця, тут быў студэнтам, тут жыў год пасля студыяў. Тут мы стваралі наш беларускі студэнцкі рух, і меў шчасце пазнаёміцца са старэйшымі беларусамі, якія яшчэ памяталі часы Другой сусветнай вайны, некаторыя з якіх у савецкіх лагерах клалі сваё жыццё на карысць Бацькаўшчыны. Таму для мяне Варшава, гэта месца сустрэчы менавіта тых беларусаў, якія, нягледзячы на ўсе палітычныя, гістарычныя цяжкія хвіліны для беларускага народа, ніколі не перасталі верыць у Беларусь, у беларускі народ, і заўсёды былі пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». Я меў шчасце з такімі людзьмі на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя пазнаёміцца ў Варшаве. Гэтыя людзі ўплывалі на мой светагляд, яны мне давалі веды, сілы і апірышча, і таму, калі мы гаворым пра сённяшні час, мне адразу ўзнікаюць паралелі з тымі людзьмі.

Прысутныя на сустрэчы былі ўзрушаны пачутым. „Спадара Яўгена Вапу заўсёды прыемна паслухаць і вельмі карысна беларусам, што вымушаны былі пакінуць Радзіму,” – кажа журналіст Белсату Вітаўт Сіўчык:

– Вельмі важна, каб мы ўсе захавалі сваю тоеснасць, сваю самасвядомасць.

Сяргей Дубіна: Мне больш за ўсё запомніліся цікавыя гісторыі, каторыя спадар Яўген апавядаў пра сваіх бацькоў, дзядоў.

Сяржук Герасімовіч: Магу сказаць, што тамашнія беларусы лепей і на мове размаўляюць, чым нашы беларусы.

Сустрэча доўжылася амаль дзве гадзіны. Закончылася сустрэча дэманстрацыяй беларускамоўных выданняў, якія прывёз Яўген Вапа, а слухачы атрымалі падарункі. Не абышлося без пытанняў з боку прысутных, на якія госць дасканала і падрабязна адказваў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]