Юбілей праваслаўнага дзіцячага садка ў Бельску Падляшскім



Непублічны дзіцячы садок Святога дзіцяткі Гаўрыіла ў Бельску Падляшскім адсвяткаваў юбілей – 10-годдзе дзейнасці. “Наш садок паўстаў у памяшканнях па іншым прадшколлі па вуліцы Рэйтана. Будынак некалькі гадоў пуставаў”, – успамінае ідэастваральнік праваслаўнай пляцоўкі айцец Юры Багацэвіч:

– Пачатак быў цяжкі, бо будынак быў занядбаны. Але агульнымі намаганнямі з брацтвам Кірыла і Мяфодзія, з дапамогай іншых людзей адрамантавалі будынак. Ну і аказалася, што садок вельмі патрэбны. Напачатку было недзе 14-15 дзяцей. І кожны год дадаваліся. Цяпер іх 120.

Першыя дзеткі прыйшлі ў садок у кастрычніку 2008 г. Адукацыя ў духу праваслаўнай веры і пашаны да спадчыны продкаў – гэта самыя важныя накірункі ў працы з імі. Важнае месца займае беларуская культуры і мовы – з верасня 2012 года дзейнічае там беларускі дзіцячы калектыў “Лянок”. Дзеткі прымаюць таксама ўдзел у шматлікіх конкурсах і мерапрыемствах.

Пляцоўку вядзе Абяднанне Брацтва Праваслаўнае св.св. Кірылы і Мяфодзія.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара