Юлія Косціна пра лёс беларускага садка ў Беластоку



Адзіны ў Польшчы беларускі садок можа знікнуць як самастойная адукацыйная пляцоўка.

Гэта пагражае і статусу беларускай мовы, якая ў трох групах садка з’яўляецца асноўнай. Беларускі садок №14 працуе ў Беластоку з 1995 года. Улады горада вырашылі аб’яднаць яго з пачатковай школай №4, у якой беларускую мову вывучае частка дзяцей як дадатковую. Кажа сябра Управы аб’яднання АББА – Юлія Косціна:

Мы з вялікім непакоем успрынялі тое, што даведаліся пра гэтае аб’яднанне, як бацькі, пра тое, што да 14-га студзеня ідуць сацыяльныя кансультацыі, на якіх могуць выказвацца грамадскія арганізацыі, фізічныя асобы былі выключаныя з гэтага працэсу. Літаральна ў аўторак, гэта ўжо выклікала ў нас вялікі непакой. Мы вельмі спешна скіравалі свае заўвагі. У праекце ўхвалы распараджэння пра аб’яднанне гэтых школ нічога не гаварылася пра такую спецыфіку. У 14-ым садку ў трох групах і ў адной групе змяшанай беларуская мова не з’яўляецца дадатковай, гэта мова навучання, то бок гэта асноўная мова на якой функцыянуюць гэтыя групы. У 4-й школе гэта дадатковы прадмет, які вывучаюць дзеці. Гэта была наша першая засцярога. Другая засцярога, якую мы выказвалі ў сваім лісце, што ёсць нявырашаная дагэтуль праблема, мы ведаем, што заканадаўча нельга, але горадам таксама не вырашаная праблема таго, што дзеткі беларусаў з беларускімі пашпартамі, дзеткі не меншасці, а дыяспары могуць хадзіць у 14-ы садок і быць у беларускіх групах, карыстацца беларускай мовай таму, што там няма дадатковай субвенцыі дзяржавы. Але ўжо ў 4-й школе яны не могуць хадзіць на заняткі беларускай мовы таму, што яна там вывучаецца, як мова меншасці. Польская дзяржава дадатковую адукацыйную субвенцыю на школьнікаў, якія вывучаюць беларускую мову, як мову меншасці. Сама сістэма не дапускае дзіця, якое прыязджае з Беларусі, бо лічыцца, што беларуская мова для яго не мова меншасці, а родная мова. Дагэтуль дзеткі хадзілі, гэта было нешматлікае асяроддзе такіх дзетак з беларускімі пашпартамі, яны хадзілі, удзельнічалі ў гэтых занятках у 4-й школе, але сістэма міністэрства адукацыі, электронная сістэма таксама настолькі ўшчыльніла, што мы нават не можам упісаць іх, як вольных слухачоў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

15 студзеня адбылася сустрэча радных горада Беласток, прадстаўнікоў бацькоўскіх камітэтаў, аб’ядання АББА ды іншых зацікаўленых бакоў. Гэта можа стаць пачаткам дыялогу ў справе аб’яднання беларускага садка і пачатковай школы. Сёння, 17 студзеня, на сесіі Рады горада павінны былі разглядаць праект пастановы пра аб’яднанне, але пасля таго, як з’явілася петыцыя і больш за 700 подпісаў пад ёй супраць гэтага аб’яднання, прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі выкрасліў гэты праект сярод іншых з парадку дня сесіі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]