З мастацтвам Паўла Грэся знаёміліся ў Гайнаўцы



З мастацтвам Паўла Грэся знаёміліся ў Гайнаўцы. У Беларускім музеі прайшла праекцыя яго дакументальных фільмаў. Першы з іх, «Палімпсэст», між іншым прадстаўляе факт беларускасці ксяндза Папялушкі на аснове расказу яго блізкай знаёмай Эвы Галушкі. Другі — «Сведка Гісторыі» — гэта расказ сведкі пацыфікацыі беларускай вёскі Залешаны ў 1946 годзе Пятра Младзяноўскага.

«Хоць фільмы паўсталі некалькі гадоў таму, іх змест найбольш актуальны менавіта цяпер», — лічыць Павел Грэсь:

— Важныя што кантэкст сённяшняга дня і месца, у якім мы сустракаемся. Што гэта — беларускі музей, і час, у які мы тут сабраліся. Памятаючы тое, што адбывалася ў Гайнаўцы летам і якая цяпер атмасфера ў Гайнаўцы, і ўвогуле ў Польшчы: калі казаць пра падыход польскай дзяржавы, пра стаўленне польскіх нацыяналістычных арганізацыі да меншасці. Тэмы, якія для мяне былі творча важным ў 2011 – 2012 годзе сёння аказваюцца для гледача больш актуальнымі.   

Творчасць Паўла Грэся з’яўляецца часткай «Слоўніка Беларускіх Мастакоў» — серыі, якую стварае Беларускі музей у Гайнаўцы. Фільмы «Палімпсэст» і «Сведка Гісторыі» можна паглядзець у музеі да 16-га снежня.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя  

Фота аўтара