З новага года мінімальны заробак у Польшчы складзе амаль 664,5 еўра
Урад Польшчы прыняў пастанову, згодна з якой мінімальны заробак у наступным годзе складзе 3 010 злотых (амаль 664,5 еўра), паведаміла міністр сям’і і сацыяльнай палітыкі. Марлена Малёнг (Marlena Maląg) адзначыла, што гэта рост на 210 злотых (больш за 46 еўра) у параўнанні з бягучым годам.
На 7,5 працэнта падвысіцца таксама мінімальная пагадзінная стаўка, якая ў будучым годзе складзе 19 злотых і 70 грошаў (больш за 4 еўра).
Паводле Марлены Малёнг, гэта павінна забяспечыць стабілізацыю для тых палякаў, якія атрымліваюць самыя нізкія заробкі:
– У 2015 годзе, калі правая партыя «Права і справядлівасць» пачынала кіраваць у Польшчы, мінімальны заробак складаў 1 750 злотых (больш за 387 еўра). Сёння гэта 2 800 злотых (больш за 618), а з 1 студзеня 2022 года – ён складзе згаданыя 3 010 злотых (амаль 664,5 еўра). Такім чынам, з 2015 года зарплата павялічыцца на 72 працэнты.
Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, мінімальны заробак у Польшчы зараз атрымліваюць прыкладна 2 мільёны 400 тысяч чалавек.
Fot. Pixabay.com
