За суткі польскія памежнікі зафіксавалі звыш 300 спробаў незаконнага перасячэння мяжы



За апошнія суткі польская памежная служба зафіксавала 313 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю. Памежнікі паведамляюць, што ўчора былі арыштаваныя 5 мігрантаў: 4 грамадзянаў Ірака і адзін – Емена. Астатнія спробы нелегальнага перасячэння мяжы былі прадухіленыя. За аказанне дапамогі ў нелегальным перасячэнні мяжы былі затрыманыя: грамадзянін Балгарыі і грамадзянін Сірыі з нямецкім відам на жыхарства.

З пачатку верасня памежная служба зафіксавала амаль 6 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю.

Прэзідэнт Анджэй Дуда звярнуўся ў Сейм з просьбай падоўжыць надзвычайнае становішча на польска-беларускай мяжы на 60 дзён. Ніжэйшая палата польскага парламенту мае сёння разгледзець гэтае пытанне. 

Нагадаем, што надзвычайнае становішча у памежнай з Беларуссю зоне ўвялі 3 верасня. Тэрыторыя ахоплівае 183 населеныя пункты ля мяжы з Беларуссю ў Люблінскім і Падляшскім ваяводствах.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Maciej Luczniewski / Gazeta Polska