За выхадныя ў ЕЗ не ўпусцілі больш за 600 нелегалаў з тэрыторыі Беларусі
За мінулыя выхадныя дні ў краіны Еўрапейскага звяза не ўпусцілі больш за 600 мігрантаў, якія мелі намер незаконна перайсці мяжу з тэрыторыі Беларусі. Памежная служба Польшчы ў „Твітэры” паведаміла, што 11 і 12 верасня незаконна перайсці мяжу з боку Беларусі паспрабавалі 509 чалавек. Памежнікі затрымалі семярых іншаземцаў — з Сірыі і Самалі, астатніх у краіну не ўпусцілі. Партал навін Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміў, што 11-12 верасня зафіксаваныя спробы незаконнага пераходу мяжы прыкладна паўсотні чалавек. Аднаго чалавека прапусцілі з-за гуманітарных прычын, астатнія ў краіну не трапілі. Дзяржаўная памежная ахова Латвіі на сваім сайце паведаміла, што за выхадныя 60 іншаземцаў паспрабавалі незаконна перайсці латвійска-беларускую мяжу.
Як вядома, з-за павелічэння патоку нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Літва ўвяла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча — надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: delfi.lt
