Самагонны заводзік працаваў у лесе пад Крулёвым Мостам



Падляшскія мытнікі ліквідавалі месца нелегальнай вытворчасці алкаголю, што знаходзілася ў лесе каля мясцовасці Крулёвы Мост Беластоцкага павету. Функцыянеры арыштавалі звыш двухсот літраў нелегальнага алкаголю і абсталяванне для яго вытворчасці.

Кажа прэс-сакратар падляшскага аддзялення Мытнай службы – Мацей Чарнэцкі:

– Супрацоўнікі з падляшскай Мытный службы ў Беластоку выявілі, што ў цяжка даступным месцы леса каля Крулёвага Мосту быў наладжаны выраб самагону вялікімі аб’ёмамі. Падчас рэйду ў тую мясцовасць за вырабам самагону быў затрыманы 74-гадовы мужчына, які жыве ў гміне Гарадок. Канфіскавана звыш 200 літраў вырабленага алкаголю моцнасцю каля 60%. А таксама 10 літраў алкаголю былі знойдзены па месцы жыхарства мужчыны.

Як распавёў Мацей Чарнэцкі, супраць мужчыны распачатая крымінальна-фінансавая справа. Выраблены ім нелегальны алкаголь канфіскаваны. Пагражае яму пакаранне ў выглядзе штрафу.

Фота Izby Administracji Skarbowej w Białymstoku

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя