“Жалезны воўк” ізноў у Беластоку



Мастакі з наваполацкай суполкі прыехалі на тыднёвы пленэр, арганізаваны Беларускім гістарычным таварыствам. Раней гэтая мастацкая суполка выстаўляла ў Польшчы серыю карцін – партрэтаў знакамітых беларусаў Падляшша. Выставу можна было пабачыць у Беластоку, Бельску-Падляшскім і Варшаве.

Цяпер можна прыйсці ў Цэнтр праваслаўнай культуры ў цэнтры сталіцы Падляшша і непасрэдна пабачыць працу мастакоў – кажа лідар суполкі Андрэй Мікалаеў:

– Наш першапачатковы праект “Беларускі Беласток” працягваецца. Але мы ўжо выйшлі за ягоныя межы. І наш праект мы разбілі на некалькі паджанраў. Напрыклад, зараз мы малюем беларускіх навукоўцаў, вынаходнікаў. Пазней мы плануем ствараць палотны пра беларускіх артыстаў, мастакоў і так далей. І, канешне, знаходзім новыя імёны з Беласточчыны, з Падляшша. Гэта значыць, праект працягваецца.

Да нас можа прыйсці абсалютна любы чалавек і паўдзельнічаць у пленэры, паспрабаваць cвае сілы. Я, як педагог, магу даць майстар-клас. Да нашага праекту можа далучыцца кожны. Бо праект вельмі дэмакратычны. Прымаюцца ўсе, нават тыя, хто не ўмее маляваць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Удзел у мастацкім пленэры ў Беластоку бяруць шэсць беларускіх мастакоў. Выстава іх прац плануецца ўвосень.

Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота Анатоль Зімніцкі