Жыхары Падляшша заклікаюць запісвацца беларусамі
З першага красавіка ў Польшчы праводзіцца Нацыянальны перапіс насельніцтва і жытла па стане на 2021 год. Януш Нестэрук з Крывятыч, што ў гміне Орля на бельшчыне, былы журналіст, цяпер супрацоўнік адной з бельскіх фірмаў, ужо спісаўся. Пазначыў сябе беларусам. “ У пытанні нацыянальнасці і роднай мовы ў мяне ніколі не было ні пытанняў, ні сумневаў. Я беларус, як мае бацькі і дзяды „– адзначае Януш Нестэрук.
„Як увайсці глыбей у гісторыю, то я не магу сароміцца таго, што мой прадзед актыўна ўдзельнічаў і быў чальцом беларускай сялянскай грамады. Калі б я запісаўся кімсці іншым, гэта азначала бы, што яму напляваў у твар”.
Нацыянальны перапіс насельніцтва і жытла ў Польшчы будзе доўжыцца да канца верасня. Абавязак удзельнічаць маюць у ім усе, хто пражывае ў Польшчы. Можна гэта зрабіць на тры спосабы. Праз Інтэрнэт, па тэлефону або выклікаўшчы перапісчыка да сябе да дому.
Анна Шайковская, Беларускае Радыё Рацыя
