Жыў у вёсцы Полымя паэт
Да 80-годдзя беларускага паэта Уладзіміра Гайдука (1941-2012) з Беласточчыны
7 верасня 1941 года на хутары Полымя Гайнаўскага павета ў Польшчы нарадзіўся Уладзімір Гайдук – селянін і паэт, які пісаў вершы па-беларуску.
У 1955 годзе Уладзімір Гайдук скончыў пачатковую школу і два гады вучыўся ў беларускім ліцэі ў Бельску Падляшскім. У сярэдзіне 1960-х гадоў ён вырашыў працягваць вучобу, але цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі яго адмовіцца ад задумы. Таму паэт увесь час працаваў на сваёй гаспадарцы, там, у вёсцы, і памёр у 2012 годзе.
У Беластоку выйшлі з друку чатыры ягоныя зборнікі: “Ракіта” (1971), “Блакітны вырай” (1990), “Пах аернага хлеба” (1997) і “Полымя роднае” (2010).
Самотны беларускі талент-самародак, які нават сярэдняй школы не закончыў, шчыра любіў родную зямлю, сваю мову, людзей і Беларусь.
Уладзімір Гайдук на Беласточчыне жыў у роднай вёсцы Полымя, дзе, як кажуць беларусы — “гаспадарыў на хутары”.
Валодзем называлі яго ўсе сябры і паэты, нягледзячы на сталы ўзрост. А тыя, хто пісаў пра Уладзіміра Гайдука заўсёды падкрэслівалі, што ён паэт-селянін (Уладзімір Конан), што яго матэрыяльныя ўмовы моцна трымаюць пры зямлі, прыніжаюць яго, ставяць у недарэчную залежнасць (Ян Чыквін). Тым не менш, Уладзімір Гайдук даўно быў вырваны з гэтай мякка кажучы матэрыяльна-фізічнай сялянскай прыгнечанасці. Зямля, вёска, праца, хутар — гэта ўсё не прычым. Галоўнае, што ён быў паэт — шчыры, светлы, адкрыты, просты, лёгкі, паэт — якому можна толькі верыць:
На лясы, на луг шырокі
Сонца падаюць праменні,
А дзяўчынка сінявока
Ловіць “зайчыка” у жменю.
Замігцелі, як жывыя,
Пасярэбраныя росы,
А дзяўчынка боткі шые,
Каб не змерзла лялька босай.
У апошні прыжыццёвы зборнік “Полымя роднае” Уладзіміра Гайдука ўвайшлі вершы з ранейшых паэтычных зборнікаў “Ракіта” (Беласток, 1971), “Блакітны вырай” (Беласток, 1990), “Пах аернага хлеба” (Беласток, 1997), а таксама вершы, якія не ўвайшлі ў вышэй пералічаныя выданні. Вядома ж, тэма вёскі, зямлі, сялянскай працы — заставаліся галоўнай тэмай і апошняга прыжыццёвага выдання. Яны прасягнуты пачуццём нейкай ціхай радасці, лёгкай журбы. Паэт пра гэта ведаў лепш і пра гэта добра пісаў. Але ў яго душы, як казаў Ян Чыквін, “няма пакутных думак пра нацыянальную пакрыўджанасць, няма комплексу нацыянальнай непаўнацэннасці, якія пераходзілі б у плач і скаргі беларусаў”. Паэт пісаў шчыра, па-народнаму цнатліва, дасягаў бездакорнай канцэнтрацыі паэтычнай думкі і пачуцця.
Аўтар “Полымя роднага” хораша апяваў вясну. Спадзяванне на вясну ў яго былі не толькі, як натхненне на творчасць, але і сялянская надзея. Паэт так і піша: “Зноў будзем поўнай жменяй сеяць і верыць сонцу і зямлі”. Аўтар верыў найбольш зямлі. Не людзям, а менавіта зямлі. Калі прыгадаем Якуба Коласа, які пяяў гімны роднай беларускай зямельцы, то Уладзімір Гайдук на Беласточчыне пяяў свае гімны той зямлі, на якой жыў і працаваў. Ён, то далучаўся да жаваранка, які “спявае песню маці-зямлі”, то апраўдваў вецер і называў яго “святой песняй вечна жывой зямлі”, то лісцем жоўтае восені абсыпаў дарогу, каб ногі парадніліся з зямлёй. Дабрыня чалавечага замілавання да зямлі, да маці-прыроды, асабліва ў апісанні жаваранкаў, жураўлёў, салаўёў, кнігавак, душэўная тонкасць і шчодрасць — выяўлены ў кнізе вельмі проста і разам з тым глыбока. Пошукі глыбіні ў выяўленні любой іншай тэмы, пошукі раскрыцця ў жанры лірычнага верша ўсёй складанасці духоўнага свету чалавека, яго псіхалогіі — без гэтага проста немагчыма ўявіць і сёння Гайдука-паэта.
Чытаючы зборнікі паэта з Беласточчыны адчуваецца і замілаванне аўтара да слова народнага, да традыцыйна-народных вобразаў, матываў, да паэтыкі народнай песні. Народнасць заключаецца ў рэалізме, у праўдзівым паказе жыцця, асабліва ў ранніх вершах паэта. Паэтычныя радкі аўтара арганічна развіваюць песеннафальклорныя традыцыі і надаюць народны каларыт:
Ой вы, думкі-песенькі
З роднае старонкі.
Ой вы, песні сумныя,
Ой вы, песні звонкія…
Хоць на Беласточчыне Уладзімір Гайдук не так часта друкаваўся, але яго любілі землякі і чытачы, творчая інтэлігенцыя. Вершы паэта заўсёды ўключалі ў калектыўныя зборнікі, якія выдаваліся не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. Тры вершы “Вясна”, “Заход сонца” і “Дажынкі” былі апублікаваныя ў зборніку “Літаратурная Беласточчына” (Мн., 1973). Цудоўны верш “Дажынкі” чытаю-перачытваю:
Жыта выжата,
І над пожняю
Разагнуліся
Жнеі гожыя.
Як паставілі
Мэдлік-долечку,
Заспявалі ўсе
“Перапёлачку”:
– Ой вылець, вылець,
Перапёлачка,
Жыта выжата
З твайго полечка.
Плён, высокі плён, —
Песня чуецца, —
У наш вольны дом,
Што будуецца.
Песня спетая,
Чарка выпіта,
Песня гэтая
Незабытая.
Добрая нізка вершаў Уладзіміра Гайдука была апублікавана ў кнізе “Беларускія пісьменнікі Польшчы” (Мн., 2000). Гэта вершы-развагі пра жыццё і прыроду, пра вёску і працу, у іх усё часцей стала прабівацца жывая неспакойная думка, якая паціху знаходзіла дарогу да пачуццяў чытачоў. У адным з вершаў паэт сказаў, што “паэзія — душы гарэнне”. Але паэтычная душа Уладзіміра Гайдука не доўга гарэла творчым полымем. Цяпер без яго сумуе вёска Полымя, дзе паэт жыў і пісаў, а таксама ўсе тыя, хто яго ведаў. На памяць ён нам пакінуў чатыры зборнічкі вершаў, якія чытаю-перачытваю.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Міры Лукшы і з архіва аўтара
