Уладзімір Кавалкін: Да выбараў тарыфы ЖКГ не падвысяць



Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавёў пра магчымыя змены ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі і магчымае падвышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ.

Урад даў распараджэнне стварыць міжведамасную рабочую групу, якой даручана на працягу дэкады падрыхтаваць прапановы, якія тычацца палітыкі дзяржавы ў жыллёва-камунальнай сферы. У прыватнасці, ужо да 17 жніўня ўраду павінны быць прадстаўлены прапановы аб тэрмінах змянення тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. Магчыма, варта чакаць нейкіх рэформ у сферы ЖКГ?

Уладзімір Кавалкін: Сумняюся, што трэба чакаць нейкіх рэформаў ці радыкальных прапаноў. А тое, што ўрад чакае прапаноў па ЖКГ, напэўна, у першую чаргу выклікана тым, што ў бюджэце няма грошай на фінансаванне гэтай сферы. Вось працоўная група і будзе думаць, якім чынам за тыя грошы, што зараз ёсць у бюджэце на ЖКГ, зрабіць хоць нешта прыстойнае. Як вядома, адзін з першых бюджэтных артыкулаў, які моцна “парэзалі” (і асабліва ў мясцовых бюджэтах) – гэта будаўніцтва і ўпарадкаванне. Услед за гэтым артыкулам “парэзалі” і сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Калі паглядзець на інвестыцыйную праграму Менска, то там сфера ЖКГ таксама пацярпела ў плане скарачэння фінансавання. Зараз трэба прыдумваць, як на тыя невялікія грошы, што пакінулі, даць людзям хаця б бачнасць сервіса з боку дзяржавы.

РР: Ці варта ў бліжэйшы час чакаць падвышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ?

Уладзімір Кавалкін: Восенню пачынаецца ацяпляльны сезон, а значыцца тарыфы ў любым выпадку падвысяцца. Але і аб’ектыўныя прадпасылкі для падвышэння ёсць. Па-першае, гэта адно з патрабаванняў Міжнароднага валютнага фонду для атрымання краінай далейшых крэдытаў. Па-другое, як ужо казаў, у бюджэце няма грошай на ЖКГ. Таму для ўрада ёсць падставы падвысіць тарыфы, але тут прысутнічае яшчэ адзін чыннік. Усе мы разумеем, што падвышэнне тарыфаў мае не толькі эканамічны сэнс, але і палітычны. І мой прагноз: тарыфы, калі і падвысяць, то толькі пасля таго, як пройдуць парламенцкія выбары.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by

[manual_related_posts]