Барыс Хамайда адмяніў уласны суд



Найстарэйшага віцебскага апазіцыянера збіраліся пакараць за пікет у дзень перапахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. 22 лістапада Барыс Хамайда не змог трапіць у Вільню, таму ўзняў бел-чырвона-белы сцяг у Віцебску. І выйшаў да мінакоў з плакатам пра перапахаванне паўстанцаў.

Праз 10 дзён супраць Барыса Хамайды распачалі адміністрацыйную справу. Але ён здолеў давесці, што пратакол складзены з памылкамі, і суддзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова мусіла спыніць судовы разгляд, вярнуўшы дакументы на дапрацоўку.

Высветлілася, што пачатак пікетавання ўчастковая міліцыянтка Вікторыя Жук вызначала па каментарах пад артыкуламі пра акцыю ў сацыяльных сетках. На яе думку, Барыс Хамайда ўзняў свой сцяг у 16.09, бо гэтым часам пазначаны каментар у Фэйсбуку, дзівіцца актывістка Таццяна Севярынец:

– Проста непісьменная дзяўчына, якую нібыта проста ўзялі з вуліцы, каб яна сказала хоць нешта супраць Барыса Хамайды. Мы былі абураныя хлуслівымі сведчаннямі, а яна яшчэ настойвала, што ў пратаколе ўсё слушна. І яна спадзявалася, што ўсё гэта праскочыць тут, у судзе.

22-га лістапада апазіцыянера не затрымлівалі, і ніводзін міліцыянт нават да яго не падышоў: у гэты дзень у Віцебск прыязджаў Аляксандр Лукашэнка, усе былі заклапочаныя ягонай аховай, і на Барыса Хамайду проста не звярнулі ўвагу. Тым не менш, ён не хавае факту пікетавання і не спадзяецца, што са складаннем новага пратаколу яму ўдасца пазбегнуць пакарання:

– У мяне нават у думках няма, што мяне апраўдаюць! Але ж вы зрабіце ўсё па вашых законах. Гэта я ў апазіцыі, і працую за ідэю, а вы ж працуеце за грошы! Тады, калі ласка, працуйце нармалёва. Я вашы законы не прызнаю, але вы рабіце так, як патрабуецца з вас, і тады разглядайце!

Каб патрымаць Барыса Хамайду, ягоныя сябры прынеслі ў суд маленькія плакаты “Каго любіш? Люблю Беларусь!”, “Я – Кастусь Каліноўскі”, а таксама партрэт героя Беларусі. Наколькі хутка міліцыянты выправяць памылкі і зноўку перададуць справу для разгляду, пакуль не вядома.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя