Беларусы ствараюць “Народную Біблію”



Беларусы ствараюць „Народную Біблію” – гэта значыць Біблію, перапісаную ад рукі шматлікімі асобамі. Галоўная мэта акцыі – стварэнне нацыянальнага сімвалу, які паўплывае не толькі на хрысціянскую, але і на грамадзянскую свядомасць.

1

Першы этап – перапісвання Псалтыра – ажыццяўляецца і мае завершыцца ў гэтым годзе. Паўдзельнічаць у ім паспелі яшчэ пры жыцці Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін – расказвае ініцыятар ідэі, журналіст і філосаф Уладзімір Падгол:

Ідэя стварэння Бібліі вынікала з агульнанацыянальнай дыктоўкі, якую я прапанаваў і арганізаваў першы раз у 2008 годзе. Мы пісалі розныя тэксты: і „Дудку беларускую” Мацея Бурачка пісалі, і нават дайшлі да інтэрнэт-дыктоўкі „Ліста з-пад шыбеніцы” Каліноўскага. А потым я падумаў: вось так, як Скарына зрабіў некалі культурную рэвалюцыю, надрукаваўшы Біблію, мы б маглі аб’яднацца ў дыктоўцы па Бібліі. Але як гэта зрабіць? Тут я нічога не выдумляў, мне ідэю падказаў колішні амбасадар Славаччыны Любамір Рэгак. Ён распавёў, што некалі чэхі ў Бруселі святкавалі свой нацыянальны Дзень незалежнасці. Яны запрасілі гасцей, паклалі на стале дзве кнігі: адну з абсалютна чыстымі лістамі, а другую – прывезлі з Прагі старажытную Біблію. Пасля прапаноўвалі кожнаму госцю перапісаць хоць радок, хоць два радкі, хоць вершык у чыстую кнігу. Я падумаю, што дык нам проста Богам дадзена, каб яшчэ больш з’яднацца, паспрабаваць перапісаць Біблію. Многія маю ідэю падтрымалі. Вырашылі пачаць з Псалтыра, больш за год яго перапісвалі, і так пайшла справа.

РР: Гэта значыць, што Псалтыр ужо перапісаны?

Так, амаль што. Але ўявіце сабе, што беларусы, незалежна ад таго, дзе яны цяпер знаходзяцца, кожны з іх перапіша фрагмент Бібліі. Атрымаецца адзіная кніга, якую пазней можа памножыць і выдаць нейкім накладам. Кожны зможа мець Біблію з фрагментам, перапісаным ягонай рукой, можна гэта будзе паказваць дзецям, унукам. Вядома, што ў старажытнасці кнігі перапісвалі ад рукі. Дый увогуле, калі ад рукі перапісваецца тэкст, то зусім іначай ён успрымаецца.

Уладзімір Падгол расказаў, што створаны аргкамітэт акцыі „Народная Біблія”, кіраўніком якога з’яўляецца Алесь Ліпай. Таксама ў аргкамітэт увайшлі Георгі Дзмітрук, Павел Севярынец і Зміцер Дашкевіч.

РР: Вядома, што ёсць розныя пераклады Бібліі на беларускую мову. Якім вы прапануеце карыстацца?

Для некаторых вернікаў, гэта сапраўды праблема. Я думаю, што ў гэтым пытанні патрэбная талерантнасць, і кожны сам можа абраць сабе версію перакладу. Поўная дэмакратыя. Там жа сутнасць застаецца тая самая. Мы плануем прэзентаваць „Народную Біблію” ў 2017 годзе, калі будзе адзначацца 500-годдзе выдання Францішкам Скарынам „Псалтыра”. Гэта Біблія павінна нас больш злучыць, і адначасова сама Біблія, перапісаная мільёнамі рук, гэта ўнікальны культурны помнік, які ўсяму свету пакажа, што мы беларусы, мы нацыя, мы 500 гадоў таму ўжо друкавалі Біблію. Дарэчы, Івонка Сурвіла яшчэ год таму перапісала адну псалму, да сваёй смерці паспелі і Барадулін, і Бураўкін. Тут можна аб’яднацца без усялякіх супярэчнасцяў. Праблема толькі ў тым, каб людзі не перапісвалі той самы кавалак, таму павінен быць аргкамітэт, які каардынуе працу. Алесь Ліпай ужо падрыхтаваў і старажытны куфар, у які будзе складацца рукапісная Біблія. Я з сябрамі раблю металічную вокладку для яе. Гэта будзе магутная кніжка. У нас няма іншага шляху, каб сцвердзіць сябе, чым праз Біблію, перапісаную кожным беларусам, нават калі ты атэіст.

Ахвотныя далучыцца да акцыі „Народная Біблія” могуць кантактавацца з арганізацыйным камітэтам па электроннай пошце bible.people.by@gmail.com.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя