Парэшткі загінулага пад Гародняй чырвонаармейца перадалі Расеі



Парэшткі чырвонаармейца Фёдара Прохарава, які быў знойдзены падчас раскопак на месцы лагера для ваеннапалонных былі пачэсна перададзеныя расейскаму боку.

У парку Жылібера, што амаль ў цэнтры Гародні адбыўся мітынг-рэквіем, дзе прысутнічалі ветэраны, кіраўніцтва гораду, прадстаўнікі Расейскага консульства і праўнук жаўнера.

Мітынг-рэквіем адбываўся па ўсіх канонах савецкага часу: з пачэсным караўлам і ўскладаннем кветак, а на закрыццё пад гімн прайшліся жаўнеры, апранутыя ў парадныя строі.

Пра свайго прадзеда, які загінуў у лагеры распавядае яго праўнук Алег Яршоў:

– Летам звязаліся з намі пошукавікі, сказалі, што апазналі парэшткі. Пачалі працэдуру вяртання парэшткаў на Радзіму. Усе дапамагалі. Лісты ён пісаў кожныя 3-4 дні, а пасля ўсё абарвалася ў лютым 1942 года. Знік пад Вязьмай, і больш ніякай інфармацыі. Яго дачка – гэта мая бабуля. Ён будзе пахаваны на могілках, дзе пахаваныя яго жонка і дзеці.

Падчас пашукавога сезона 2015 году жаўнерамі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёну на месцы Шталагу 324, які знаходзіцца на сучасным ускрайку гораду, былі знойдзены магілы з парэшткамі больш як тысячы загінулых ваеннапалонных.

Сярод гэтых парэштак былі знойдзены медальёны і жэтоны жаўнераў. На адным з іх і ўдалося прачытаць імя Фёдара Прохарава.

 Беларускае Радыё Рацыя